52-і дзень пратэстаў: сустрэча Ціханоўскай і Макрона, чарговыя содні для журналістаў, 3 гады за драпіну на калене АМАПаўца


Аўторак 29 верасня стаў 52-м днём паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Belsat падводзіць вынікі дня.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай і Эманюэля Макрона

Народная абранніца Святлана Ціханоўская заручылася падтрымкаю прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Сустрэча ў Літве адбылася 29 верасня.

Падчас сустрэчы ў Вільні прэзідэнт Францыі паабяцаў Святлане Ціханоўскай, што Францыя дапаможа ў перамовах па ўрэгуляванні палітычнага крызісу і вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Макрон спадзяецца, што ў пытанні «перадачы ўлады» ў Беларусі паможа пасярэдніцтва АБСЕ.

Святлана Ціханоўская і Эманюэль Макрон сустрэліся ў Вільні. Фота тэлеграм-канал pulpervoi

Таксама стала вядома, што Святлана Ціханоўская на наступным тыдні сустрэнецца з Ангелай Меркель.

Міністэрства замежных справаў Беларусі пасля сустрэчы Ціханоўскай і Макрона ў Вільні заявіла пра ўвядзенне «сіметрычных абмежаванняў» у дачыненні да краінаў Балтыі.

Чарговы дзень пераследу журналістаў «Белсату»

Журналістку Алену Доўнар, затрыманую 26 верасня на «Жаночым маршы», арыштавалі на 15 содняў. На яе складалі два пратаколы: удзел у акцыі 26 верасня і непадпарадкаванне міліцыі. Суддзя Кастрычніцкага суду сталіцы Аляксандр Рудэнка даў дзяўчыне не толькі содні, але і штраф – 1350 рублёў.

Hавiны
Затрыманні, збіццё, арышты. Як пераследуюць журналістаў «Белсату» пасля выбараў
2020.09.29 15:14

У Гомлі пасля 15 дзён арышту не выпусцілі нашага калегу журналіста Яўгена Меркіса. Яму далі дадатковыя 12 содняў арышту, якія ён не адседзеў пасля затрымання ў жніўні, бо тады яго выпусцілі датэрмінова.

Пасля трох содняў на Акрэсціна на волю выйшла Марыя Грыц. Журналістку затрымалі падчас Жаночага маршу 26 верасня, склалі пратакол паводле 23.34 і пакінулі да суда на Акрэсціна. 28 верасня суд Завадскога раёну аштрафаваў Марыю на 540 рублёў (20 базавых велічыняў), аднак з ЦІП яе адразу не выпусцілі – міліцыя склала на журналістку новы пратакол і пакінула за кратамі. Пазней другую справу ўсё ж адправілі на дапрацоўку.

Марыя Грыц з мужам. Фота belsat.eu

Менск і Масква прасунуліся ў разуменні па цане на газ у 2021 годзе

29 верасня амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь і Расея прыйшлі да кансэнсусу ў пытанні цаны на газ у 2021 годзе. Таксама ён паведаміў, што Менск і Масква аднавілі перамовы пра дарожныя мапы.

Hавiны
Сямашка: Менск і Масква дамовіліся пра цану на газ і аднавілі працу над дарожнымі мапамі
2020.09.29 17:33

 

У Маладзечне асудзілі да 3 і 3,3 гадоў адпаведна Уладзіслава Еўсцягнеева і Паўла Пяскова

Справа, паводле якой судзілі жыхароў Маладзечна, даволі гучная. Падчас акцыі салідарнасці 19 чэрвеня супрацоўнікі АМАП жорстка хапалі людзей. Мінакі пачалі адбіваць затрыманых, распачалася бойка. У выніку адзін з сілавікоў выцягнуў пісталет, што трапіла на відэа. Мужчын пакаралі за тое, што яны спрабавалі адбіць аднаго з затрыманых.

Жонка Паўла Пяскова Вераніка распавяла, што муж збіраецца абскардзіць прысуд.

«Не магло такога быць, каб Павал нанёс нейкія пашкоджанні супрацоўніку, гэта не даказана. Супрацоўнік ужо ляжаў на зямлі, і ў яго толькі лёгкая драпіна калена і парваныя нагавіцы. Але калі Паша падышоў, каб яго падняць і вырашыць гэты канфлікт, супрацоўнік зваліўся ўжо ад дзеянняў другога чалавека, які цяпер у вышуку. Але ўсё роўна сказалі, што Павал вінаваты. І наагул дзіўна, што за драпіну на калене даюць тры гады калоніі. Яны б’юць людзей, гвалцяць, дык гэта добра. А тут за драпінкі тры гады».

Hавiны
Тры гады за спробу адбіць у амапаўцаў затрыманага пад час акцыі
2020.09.29 12:18

Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэння

Санкцыі датычаць не толькі Лукашэнкі, але ягонага сына Віктара і шэрагу набліжаных чыноўнікаў.

Hавiны
Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэння
2020.09.29 18:57

Кіеў можа адмовіцца ад Менску ў якасці пляцоўкі для перамоваў па Данбасу праз нелігітымнасць Лукашэнкі

Пра гэта заявіў віцэ-міністр, кіраўнік Мінрэінтэграцыі Аляксей Рэзнікаў. Ён падкрэсліў, што на сёння не існуе альтэрнатывы Менскім дамоўленасцям, аднак «Менск не з’яўляецца пляцоўкай, якая вызначае, ці скончыцца вайна на Данбасе і ці будзе дэакупаваны Крым».

«Пасля таго, як Украіна афіцыйна не прызнала вынікі выбараў прэзідэнта ў Беларусі, ні ў які Менск я дакладна не паеду, нават калі пандэмія скончыцца. І я думаю, што іншыя чальцы ўкраінскай дэлегацыі дакладна не паедуць».

Чарговая сустрэча ў рэжыме відэаканферэнцыі запланаваная на 30 верасня.

Працаўнікі «Гродна Азот» пішуць заявы аб звальненні

70 працаўнікоў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненне на знак пратэсту супраць судоў і затрыманняў. Працаўнікі адзначаюць, што ў выпадку працягу рэпрэсіяў перададуць заявы кіраўніцтву.

Праз звальненне працаўнікоў, якія напісалі заявы, адбудзецца паралізаванне працы цэху «Аміяк-3», паколькі хутка знайсці спецыялістаў немагчыма.

Мітынг у Жодзіна
Працаўнік БелАЗу, якія бярэ ўдзел ў акцыі падтрымання тых, хто страйкуе на прадпрыемстве. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Міністэрства інфармацыі з 1 кастрычніка забірае ў Tut.by статус СМІ на тры месяцы

Аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання Tut.by з 1 кастрычніка гаворыцца ў загадзе міністра Ігара Луцкага за 29 верасня. Без статусу СМІ Tut.by будзе працаваць да 30 снежня.

Сяргей Ціханоўскі застаецца ў турме Жодзіна яшчэ на два месяцы

Сяргей Ціханоўскі

Лідару руху «Краіна для жыцця» дадалі содні – ён атрымаў чарговыя два месяцы. Судовага пасяджэння ў пытанні зняволення не праводзілася, паведамляе тэлеграм-канал «Краіна для жыцця». Пасля сканчэння яшчэ двух месяцаў, то бок, роўна шасці месяцаў з моманту затрымання – Сяргея Ціханоўскага павінны будуць вызваліць або выставіць абвінавачанне.

У Гомлі бацькоў шматдзетнай сям’і арыштавалі за ўдзел у акцыі, а дзяцей забралі ў прытулак

Наталля Сняжкова, жыхарка Гомля распавяла рэсурсу «Сильные новости», што за ўдзел у акцыі 27 верасня затрымалі яе мужа і асудзілі за ўдзел у акцыі. Такі ж пратакол склалі і на яе.

Пазней у кватэру шматдзетнай сямʼі прыехалі міліцыянты з ператрусам. Стала вядома, што міліцыянты завялі крымінальную справу паводле артыкулу 363 частка 2 – супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Пасля ператрусу жанчыну затрымалі. Яе дзяцей адвезлі ў сацыяльны цэнтр на Сельмаш. Апекуном можа быць старэйшы сын, які мае больш за 18 гадоў. Але ён беспрацоўны.

belsat.eu

Стужка навінаў