Егіпет: У сутычках паміж хрысціянамі ды мусульманамі загінулі 24 чалавекі


Прэм’ер-міністр Егіпту Эсам Шараф заклікаў насельніцтва да спакою пасля таго, як у выніку сутыкненняў паміж хрысціянамі-коптамі ды мусульманамі ў Каіры загінулі 24 чалавекі.

Закалоты распачаліся неўзабаве пасля дэманстрацыі пратэсту ў Каіры, скліканай пасля таго, як на поўдні Егіпту, у правінцыі Асўан, адбыўся напад на мясцовую копцкую царкву. Пратэстоўцы вінавацяць у нападзе ісламскіх радыкалаў.

Паводле прэм’ер-міністра, непаразуменні паміж хрысціянамі ды мусульманамі “пагражаюць бяспецы краіны”. Ён зрабіў гэтую заяву пасля надзвычайнага пасяджэння кабінету міністраў, на якім абвесцілі пра ўвядзенне каменданцкай гадзіны ў некаторых раёнах Каіру.

Раней егіпецкае тэлебачанне паказвала кадры сутыкненняў паміж дэманстрантамі ды паліцыяй. Перад будынкам дзяржаўнага тэлебачання, дзе пратэстоўцы збіраліся правесці сядзячы страйк, былі падпаленыя аўтамабілі паліцыі.

Хрысціяне-копты складаюць прыкладна 10 % насельніцтва Егіпту. Шмат хто з іх вінаваціць кіроўную ў краіне вайсковую раду ў занадта мяккім стаўленні да тых, хто нападае на цэрквы.

У нядзелю некалькі тысяч дэманстрантаў ішлі маршам з паўночных раёнаў Каіру да будынку дзяржаўнага тэлебачання. Пратэстоўцы патрабавалі ад ураду вызваліць губернатара правінцыі Асўан, а таксама абвінавачвалі дзяржаўнае тэлебачанне ў тым, што яно распальвае міжрэлігійную варожасць.

Дэманстранты сцвярджаюць, што на іх напалі невядомыя людзі ў цывільным, неўзабаве пасля чаго пачаліся сутыкненні з сіламі бяспекі. Сутычкі затым распаўсюдзіліся і на цэнтр Каіру.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у выніку закалотаў загінулі прынамсі 24 чалавекі і 212 атрымалі раненні.

belsat.eu

Стужка навінаў