Рымашэўскі: Вялікай колькасці ўдзельнікаў не чакалася


Экс-кандыдат на прэзідэнцтва паведаміў пра гэта сёння напрыканцы Народнага сходу ў Менску.

Акцыі пратэсту дапамагаюць людзям пераадолець страх – гэтак пракаментаваў сённяшні Народны сход сустаршыня аргкамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі. Палітык удзельнічаў у сходзе ў Менску на плошчы Бангалор. “Падобныя акцыі вучаць людзей пераадольваць свой страх, бо страх – гэта адзіны наш вораг і адзіны хаўруснік дзейных уладаў”, – падкрэсліў палітык.

“Калі людзі сядзяць у вязніцах, калі іх катуюць, калі іхнае жыццё ў небяспецы, то заставацца дома і баяцца – думаю, гэта ніжэй за годнасць, – працягвае Рымашэўскі. – Я прыйшоў дзеля гэтых людзей, дзеля таго, каб паказаць, што рэпрэсіі не дзейнічаюць тут, у Беларусі”. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва прызнаўся, што не вельмі засмуціўся з прычыны нешматлікасці Сходу. “Вялікай колькасці і не чакалася, – адзначыў ён. – У будучым будзе болей”.

Выступаючы на акцыі, Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП, адзін з арганізатараў Народнага сходу звярнуўся да старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі з заклікам правесці рэвізію прадпрыемстваў і пераканацца, што не зрабілі індэксацыі заработных платаў, што з-за высокіх цэнаў на харчаванне рабочыя не могуць хадзіць у сталовыя. Паводле яго, зацягнуць паясы для народу недастаткова – трэба зацягнуць паясы чыноўнікам. “Мы вам прапаноўваем нармальны дыялог, мы не хочам канфрантацыі”, – заявіў прафсаюзны лідар.

Народны сход меўся адбыцца ў 30 паселішчах краіны. Аднак акцыя ў заяўленым фармаце прайшла толькі ў Менску, дзе сабралася каля 600–700 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў