Альбо пратэставаць, альбо з’язджаць з краіны


Перад такім выбарам, паводле ўдзельнікаў Народнага сходу ў Менску, паставілі беларусаў сённяшнія ўлады.

Як падзяліўся з журналістамі ўдзельнік акцыі Мікалай, на яе ён прыйшоў у сувязі з сітуацыяй у краіне. Ён не цешыць сябе надзеяй наконт таго, што ўлады прыслухаюцца да голасу народу: “Учора на прэс-канферэнцыі нехта сказаў адназначна: у краіне ўсё выдатна. Але толькі не сказаў, як жыць далей, як мне карміць сваіх траіх дзяцей. Шчыра кажучы, надзеі на лепшае няма”.

Яраслаў прыйшоў на сход з рыжым катом пад курткаю. “Мы не хочам мець пажыццёвага цара Аляксандра I і пажыццёвага ягонага наследніка Мікалая II. Мы хочам мець свабоду, за якую заўсёды і ўсюды змагаліся”.

На пытанне, ці не баіцца ён, што яго арыштуюць, адказвае: “Не баюся. Я – мантажнік-вышыннік, мне воля заўсёды была даражэйшая за ўсё. А 15 содняў – гэта адпачынак, крыху высплюся, ад’емся. Апошнія 15–20 гадоў, што працую на вышыні, для мяне не было ніякіх начальнікаў, акрамя першага закону Ньютана”.

“Мяне хвалюе кантрактная сістэма наймання, – гаворыць маладзён Андрэй. – Мы – фактычна рабы ў гэтай краіне. На табе вісіць ярмо, і ты не ведаеш, што чакае цябе ў будучыні. Калі ў нармальных краінах кантрактная сістэма арганізаваная па-чалавечы, то ў нас гэта як прыгоннае права. Прычым плацяць нам капейкі, якіх хапае літаральна на тое, каб паесці. Таму перад кожным беларусам стаіць выбар: або пратэставаць, або куды-небудзь з’язджаць, чаго, вядома, не хацелася б. Хочацца жыць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, зарабляць тут і дамагацца чагосьці лепшага”.

Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць спыніць рост цэнаў, індэксаваць зарплаты, пенсіі, адмяніць кантрактную сістэму, правесці свабодныя выбары. Гэтыя патрабаванні перададуць уладам.

belsat.eu

Стужка навінаў