ЗША: курсы для пілотаў рэактыўных заплечнікаў


Рэактыўныя заплечнікі (rocketbelt) адносна даўно з’явіліся ў вольным продажы, аднак мець такі агрэгат недастаткова. Навучыцца ім кіраваць – неверагодна складана.

Палёты з дапамогаю рэактыўных ранцаў лічацца ці не самым небяспечным заняткам, таму і кваліфікаваных пілотаў вельмі мала. Адзін з іх, Эрык Скот (Eric Scott) са Злучаных Штатаў, займаецца навучаннем пачаткоўцаў. Ён гаворыць, што навучыцца лятаць, напрыклад, на самалёце, значна прасцей – дзеля гэтага існуюць адмысловыя сімулятары, а падчас першага палёту інструктар заўсёды можа ўзяць кіраванне на сябе.

Першыя крокі ў навуцы кіравання рэактыўным ранцам – гэта знаёмства з яго канструкцыяй і прынцыпам дзеяння. Першы палёт – некалькі секундаў, да таго ж са “страхоўкаю” ў выглядзе дроту. Інакш пілот-пачатковец можа выпадкова паляцець задалёка або завысока. Страта кантролю над рэактыўным заплечнікам можа азначаць катастрофу для высокатэхналагічнага абсталяванні, ды і для самога пілота.

Для навакоў самае галоўнае – прызвычаіцца да вельмі чуйнай сістэмы кіравання рэактыўным заплечнікам. Нязначнае адхіленне падчас павароту можа прывесці да таго, што пілот пачне круціцца вакол сваёй восі. Важна таксама, каб пілот падчас палёту не глядзеў сабе пад ногі, але ўперад, пры гэтым, утрымліваючы раўнавагу ў паветры.

Эрык Скот сцвярджае, што любы чалавек можа навучыцца кіраваць рэактыўным заплечнікам, галоўнае – мець дастаткова практыкі, рашучасці ды верыць у сябе. Таксама спатрэбяцца і грошы – каштуе такі агрэгат ад 80 тыс. долараў. Рэактыўныя заплечнікі даюць магчымасць разагнацца да 90 км/г, максімальная вышыня палёту – 30 м.

belsat.eu

Стужка навінаў