Эканаміст: у Менску будзе некалькі “чайна-таўнаў”


Па звязаных кітайскіх крэдытах у Беларусь паступаюць не грошы, а працоўная сіла.

Паводле дадзеных новага перапісу насельніцтва, за апошнія дзесяць год колькасць выхадцаў з КНР, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, вырасла ў 10 разоў.

На такі міграцыйны ўсплеск паўплываў інжынерна-тэхнічны персанал, які прыехаў з Кітая, каб працаваць на двух асноўных праектах: СП “Мідэа-Гарызонт” (вытворчасць мікрахлавёвых печак) і рэканструкцыя адной з менскіх ТЭЦ.

Незалежны эканаміст Міхаіл Радкевіч тлумачыць: “Беларусь, як правіла, атрымлівае звязаныя кітаскія крэдыты, у межах якіх у краіну паступаюць не грошы, а кітайская тэхніка, матэрыялы і працоўная сіла. Таму колькасць спецыялістаў з КНР, што прыехалі ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, будзе павялічвацца”.

Гэтаму могуць спрыяць дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў кастрычніку. “Ну што каштуе велізарнаму багатаму Кітаю пабудаваць такі своеасаблівы кітайскі востраў у Беларусі? І кіраўніцтва КНР прыняло маю прапанову”, – заявіў прэзідэнт.

Для рэалізацыі праекта ў беларускай сталіцы інвестарам прапаноўваюць 15-17 гектараў зямлі. У адпаведнасці з генеральным планам Менска, на гэтай тэрыторыі, акрамя жылога мікрараёна, магчыма размяшчэнне бізнэс-цэнтра, кітайска-беларускага выставачнага цэнтра, цэнтра адпачынку, гандлёвай вуліцы, цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны і гатэлю.

belsat.eu

Стужка навінаў