Улады запалохваюць людзей напярэдадні Народнага сходу


Па ўсёй краіне з актыўнымі грамадзянамі праводзяць размовы міліцыянты ды ідэолагі.

У Менску 8 кастрычніка ўлады запланавалі правядзенне суботніку. Пра гэта настойліва кажуць на прадпрыемствах і нагадваюць у грамадскім транспарце. У Менгарвыканкаме паведамілі, што зацверджаны графік, паводле якога менавіта ў суботу ўва ўсіх раёнах сталіцы на 150 пляцоўках адбудуцца суботнікі з удзелам працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і насельніцтва па месцы жыхарства. Імаверна, што і на плошчы Бангалор, дзе плануецца Народны сход, можа праходзіць суботнік. Улады настойваюць, што мітынг не санкцыянаваны.

«Нормы закону «Аб мясцовых і рэспубліканскіх сходах» на так званы Народны сход не распаўсюджваюцца, – кажуць у прэсавай службе Генеральнай пракуратуры. – Для ініцыявання правядзення такога сходу трэба 10 % подпісаў насельніцтва, якое жыве на гэтай тэрыторыі, а арганізатарамі акцыі, у прыватнасці ў Менску, сабраныя толькі подпісы жыхароў некалькіх пад’ездаў дамоў у мікрараёне Серабранка і дамоў, прылеглых да плошчы Бангалор. Відавочна, што гэтых некалькіх сотняў подпісаў не дастаткова для абмеркавання пытанняў жыцця грамадства і дзяржавы».

Тым часам моладзь з каледжаў Ваўкавыску папярэдзілі, што 8 кастрычніка будуць праходзіць пазапланавыя заняткі. Студэнтаў Бабруйску прымусова заганяюць на футбольны турнір па вуліцы Гагарына, дзе планавалі сустрэцца жыхары, каб выказаць прэтэнзіі ўладзе. Прапагандысцкае кола дакацілася нават да Дзісны – самога малога гораду Беларусі, дзе жывуць каля 2 тыс. чалавек. Актывістаў выклікалі на размову ў аддзел ідэалогіі Мёрскага райвыканкаму (Дзісна адміністратыўна падпарадкоўваецца Мёрам). «Мясцовыя ўлады спрабуюць сарваць правядзенне сходу: участковы хадзіў па дамах і настойліва прапаноўваў тым гараджанам, якія паставілі свой подпіс у падтрыманне сходу, не ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. На мясцовых прадпрыемствах прайшлі нарады, дзе кіраўніцтва таксама заклікала сваіх працаўнікоў не хадзіць на Народны сход. Але мы цвёрда вырашылі правесці сход і ён адбудзецца», – кажа актывістка Наталля Шаўчук.

belsat.eu

Стужка навінаў