Аляксандр Лукашэнка: 70% беларусаў давяраюць мне (Абноўлена)


Пра рэвалюцыі

«Нас ужо не адзін раз спрабуюць «нахіліць». І не толькі праз «каляровыя рэвалюцыі», але і праз так званыя сацыяльныя сеткі. Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі – так гэта называецца. Дзеяч, што кіраваў гэтымі сацыяльнымі сеткамі, сядзіць у Польшчы, адтуль ён кіруе ўсім працэсам, ахоўваецца спецслужбамі і фінансаваны зразумела кім. Як мы з гэтым змагаліся – як маглі расейскія медыі вам пра гэта распавядалі. Праўда, паказвалі ўсялякае паскудства, тое, што пра Захад не паказваюць. Мы гэта перасякалі, але ў тым выпадку, калі гэта перашкаджала руху транспарту або перашкаджала людзям».

«Тое, што мы да гэтага гатовыя – так. Як гэтаму супрацьстаяць – можам з вамі досведам падзяліцца. У нас ёсць пэўны досвед, у вас таксама. Але з разліку гэта скідваць нельга – мы чулі заяву дзяржсакратара ЗША пра тое, што выдаткоўваюцца адмысловыя сродкі, каб інтэрнэт працаваў і яго нельга было «заглушыць». Таму нас будуць «нахіляць». І вас таксама».

Пра саміт «Усходняга партнёрства»



«Што датычыць 9 мільярдаў, якія абяцалі ў Варшаве. Можа, вы і чулі, як абяцалі, але мне яны нічога не абяцалі. Па-першае, калі б яны мне абяцалі, я падумаў бы: вар’яты. Хто ж табе так возьме і дасць 9 мільярдаў? Нават крэдыт. Калі гэта крэдыт, то мы падумаем. Калі гэта больш за 6–7 % – гэта не прымальна. А 5 % і ніжэй наўрад ці хтосьці дасць. А як кітайцы 2–2,5 % міждзяржаўны – гэта рэдкасць. Мне ніхто не прапаноўваў 9 мільярдаў. Гэта была «качка», разлічаная на тое, што маўляў вы тут Лукашэнку кланяецеся, трымаеце яго, а калі б яго выкінулі – 9 мільярдаў адразу далі. Ніхто нікому нічога так проста не дасць. А калі і дадуць камусьці – то пад нешта і потым возьмуць не 9 мільярдаў, а 12, а можа, і больш. Я ўжо сутыкаўся з шарлатанамі, якія мільярды абяцаюць».

«Калі стваралася гэтае партнёрства, прапанавалі суседзям Еўразвязу, у тым ліку і Беларусі, увайсці ў склад «Усходняга партнёрства». Тады Беларусь узначальваў дыктатар, кепскі чалавек, аднак запрасілі. Мы пачалі абдумваць гэтую ініцыятыву. Нашая першая агаворка была: калі гэта арганізацыя супраць Расеі, то мы адмаўляемся».

«Пра што б ні размаўлялі – усё пачынаецца з палітычных патрабаванняў. Апошняе з мерапрыемстваў – была тысяча дыпламатычных вывертаў з іх боку. Гэта ж Польшча. У іх «Усходняе партнёрства». Яны спяць і бачаць, што мяжа Польшчы праходзіць каля Менску. Яны ніяк не могуць пагадзіцца, што мяжа – за Горадняю».

Пры выбары

Пытанне пра ўчорашняе затрыманне Манаева і рэйтынг Лукашэнкі, які знізіўся да 30 %. «Першы раз чую пра Манаева. Няхай удакладняць і дакладуць. А што датычыць сацыялагічных даследаванняў – я не хачу паглыбляцца ў падрабязнасці, вы ведаеце што гэта такое. Калі хочаце, каб ён быў 90 % – заўтра будзе. Хочаце 15 % – таксама заўтра будзе. Манаеў, я так гэта разумею, гэта выкармыш Захаду. Жыве ён у Вільні. І я памятаю ягоныя рэйтынгі. Дарэчы, вы ведаеце, што на прэзідэнцкіх выбарах справядліва перамог? Нават вы верыце. Дык вось, манаеўскія даследаванні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў давалі крах прэзідэнту Беларусі. І дакладна была выбудаваная стратэгія – у Лукашэнкі было 35 %, цяпер 18 %, і яго больш не падтрымліваюць. Яму заплацілі, ён дакладна выбудаваў гэтыя так званыя даследаванні, і ў яго яны былі нашмат менш за палову. Захаду так трэба было – не Манаеву. Насамрэч беларускага прэзідэнта падтрымалі 79,9 % – гэта афіцыйна. Рэальна – больш за 80 %».



«Я выбары праводзіў «по понятиям». Еўрапейскага Звязу. Цалкам адышлі ад нашага заканадаўства. Вось яны да мяне прыязджалі: Вэстэрвэле і Сікорскі. Пакрыўдзіўся Вэстэрвэле, што я там выказаўся, што не прымаю… як называецца? Гомасе… мужык з мужыком – гэта што? [Смех у зале – belsat.eu] Гомасексуалізм. Я не ведаю, шчыра, але мне міністр напісаў, што маўляў у яго… але я не дачытаў гэтую даведку. І тут Сікорскі задае пытанне: а вы як ставіцеся да нетрадыцыйнай арыентацыі? Ну я і пачаў разважаць: калі лесбіянства – то мужыкі вінаватыя. Прабачальна. Жанчына з жанчынаю – цярпець можна, але калі гомасексуалізм – то жах. Дагэтуль каюся, я ж не хацеў яго пакрыўдзіць».



«Галоўнае было патрабаванне – усіх зарэгістраваць. Я кажу, што трэба 100 тысяч подпісаў сабраць, каб зарэгістраваць. Спадар прэзідэнт, трэба ж… ладна. Прайшоў раўнд збору подпісаў. Цяпер пра гэта ўжо можна казаць. Адзін у Віцебскім раёне ўзяў тэлефонны даведнік і запісаў, хто жыў, хто памёр – усіх перапісаў. Пачалі глядзець – як яго зарэгістраваць, калі ніводзін аркуш не сыходзіцца. То ладна, аднаго не трэба, усіх астатніх зарэгіструйце. 10 зарэгістравалі. Я ім аддаў 600 тысяч сваіх подпісаў. У мяне было 2,7 мільёна – не памятаю дакладна. Трэба было – я ім аддаў, каб Цэнтрвыбаркам іх зарэгістраваў. Зарэгістравалі ўсіх. Пад жалезным маім ціскам».

Калі б я толькі быў уэпэўнены і ведаў, што сёння беларусы на 80% ненавідзяць Лукашэнку, я б гэтыя ўсе шмоткі сабраў, паклаў бы на стол і сказаў: дзякуй, братцы-беларусы. Я сабе на хлеб зараблю”.дадаў Лукашэнка, каментуючы вынікі сацыялагічнага даследвання НІСЭПД.

Прыватызацыя

Што да прыватызацыі прадпрыемства «Беларуськалій», то кіраўнік дзяржавы чарговы раз назваў «мінімальны» кошт – 30 млрд долараў. «Гэта магутнае прадпрыемства, якое каля 3 мільярдаў прыбытку ў валюце прыносіць у нашай краіне. Вельмі эфектыўнае – каля 100 % рэнтабельнасці, вышэй, чым у нафтавай прамысловасці. Мы не супраць прыватызацыі, ніхто не трымаецца за гэтыя «залатыя склады», бо падаткі будуць у нас плаціць. Усё залежыць ад палітыкі кіраўніцтва, якое тут у Беларусі існуе. Калі жулікі ды прайдохі – такая ж будзе краіна і так будзе функцыянаваць дзяржпрадпрыемства. Мы гэтага не баімся, але мы дакладна сказалі: кошт «Белкалію» – мінімум 30 мільярдаў долараў. У Расеі хочуць купіць, прыбраць да рук гэтае прадпрыемства. Каштоўная рэч – 3 мільярды на год. 10 гадоў – 30 мільярдаў, а існаваць будзе заўсёды. Актывы вельмі добрыя. І калі мы назвалі кошт, і гэты кошт ужо пацверджаны расейскім «Сбербанком».

«Я нават вам сказаць не магу, якія я адтуль прапановы атрымліваю. Я спрабую патлумачыць: у нас не прынята так, у нас ніхто ў кішэню грошы не кладзе, тым больш прэзідэнт. Інакш даўно б ужо скруцілі ў бараноў рог – колькі мае актывы і грошы шукалі па ўсім свеце і дагэтуль нічога не знайшлі. І таму не дай Божа я быў бы недзе ў гэтай справе замяшаны – мне была б хана заўтра ж», – дадаў Лукашэнка.

«Яйкі ў адзін кошык не кладуць. Дыверсіфікацыя працэсаў – гэта не я прыдумаў. Нельга быць зацыкленым на адзін бок», – заявіў Лукашэнка ў адказ на пытанне журналіста пра ўдзел Расеі ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Кіраўнік Беларусі таксама згадаў пра «малочныя» і «цукровыя» войны. «Мы тады для сябе вырашылі – так, гэта нашая краіна, але ўсялякае можа быць. Я маю на ўвазе Расею. Таму трэба дыверсіфікавацца – гэта прынцып жалезны ўва ўсім свеце», – падкрэсліў Лукашэнка.

Беларуска-расейская інтэграцыя

Лукашэнка пра Саюзную дзяржаву: «ЕўрАзЭС, АДКБ з’явіліся толькі дзякуючы таму, што быў працэс стварэння Саюзнай дзяржавы. Гэта вельмі патрэбны, карысны працэс, гэта палігон, як ён [Пуцін – belsat.eu] сказаў, адпрацоўкі новых ідэяў, рэалізацыі новых ідэяў. Паглядзіце : роўныя правы для грамадзянаў. Вось якія ўшчамленні вы адчувалі, прыехаўшы ў Беларусь? Або вашыя грамадзяне – расяяне? Я нават калі кажу «вашыя», то мне нязручна, бо расейцы – гэта нашыя людзі». Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што цяпер дакладна не вядома, дзе праходзіць мяжа паміж Расеяй і Беларуссю. «Нікога з вас не разбудзяць на мяжы, ды вы і не ведаеце, дзе гэтая мяжа. Мы самыя не ведаем. Спрабуем неяк там на мапе вызначыць, дзе яна праходзіць. Не ведаем межаў з Расеяй, цяпер спрабуем з расейцамі намаляваць гэтую мяжу на мапе. Гэта таксама шмат пра што кажа», – дадаў Лукашэнка.

Журналіст газеты «Трибуна» задаў пытанне пра «міжасабовы фактар» у адносінах між Расеяй і Беларуссю: «Як сёння складаюцца вашыя адносіны з расейскім кіраўніцтвам?» Паводле Лукашэнкі, ніякіх «міжасабовых фактараў» у адносінах з кіраўніцтвам Расеі не было. «Мы павінны паважаць адзін аднаго і ні ў якім разе не павінны адзін на аднаго накатваць, наскокваць і гэтак далей. У нас былі праблемы, якіх цяпер няма. Асаблівасць нашых адносінаў з расейскім кіраўніцтвам, што не характэрна ні для Еўрапейскага Звязу, ні для іншых дзяржаваў у адносінах з Расеяй, – мы адкрыта і шчыра, наўпрост, як рэспубліка з рэспублікаю ў нейкім саюзе крытыкуем адзін аднаго, адкрыта гаворым і не хаваем за дыпламатычныя фармулёўкі нашыя настроі ды высновы. Гэта дарагога вартае», – падкрэсліў Лукашэнка.

Сітуацыя ў Беларусі

«У звязку з праблемамі на валютным рынку і рэзкай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты я не пасыпаю галаву попелам і сваім падначаленым раю гэтага не рабіць. Бо вы бачыце, як свет развіваецца, – яшчэ не вядома, хто перамог у гэтай сітуацыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. У недахопе валюты прэзідэнт абвінаваціў беларусаў, што куплялі патрыманя машыны за мяжою.

“У нас заўсёды быў дэфіцыт валюты, — прызнаў Лукашэнка. — Але мне цяпер значна прасцей, калі такія ж праблемы ў Расеі: 2 мільярды долараў у суткі Расея траціць на падтрыманне курсу расійскага рубля. У нас такіх сродкаў няма, але сітуацыя стабілізавалася. Да канца года мы забудзем аб гэтай праблеме“.

Аляксандр Лукашэнка распачаў прэс-канферэнцыю для ўдзельнікаў прэс-туру прадстаўнікоў расейскіх медыяў у Беларусь. «Дзеля сустрэчы з вамі мы не прыхарошвалі рэчаіснасці, не будавалі нейкіх «пацёмкінскіх вёсак». У Беларусі гэта не прынятае, што б там ні пісалі пра нас у адваротным плане», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на пачатку сустрэчы з журналістамі.

Тэлеверсію прэс-канферэнцыі пакажуць у вечаровым эфіры Першага каналу, а таксама ОНТ і СТВ.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у цяперашнім, дзявятым па ліку прэс-туры, які праходзіць з 4 да 7 кастрычніка, удзельнічаюць 86 журналістаў з 40 суб’ектаў Расейскай Федэрацыі. Яны рэпрэзентуюць 74 сродкі інфармацыі (53 рэгіянальныя, 17 федэральных, 4 саюзныя). У праграме прэс-туру, акрамя прэс-канферэнцыі Лукашэнкі, – наведванне аб’ектаў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы і абароны ў Гомельскай і Менскай вобласцях.

Пра вынікі сацыялагічнага апытання

“Па дадзеных сацапытання, 70% выказалі давер кіраўніку дзяржавы. Ужо не 80, а 70%. 70% лічаць, што дзейнасць прэзідэнта адказвае іх інтарэсам. 60% рэспандэнтаў пазітыўна ўспрымаюць жыццёвую сітуацыю, а было больш за 80%”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, амаль 50% апытаных заявілі, што ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, але “падзенне тут значнае”. “У 58% грамадзян пераважае пазітыўнае эмацыйны стан. Гэта вельмі нізкі ўзровень”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што “нідзе няма 20%”, маючы на ўвазе дадзеныя аб рэйтынгу прэзідэнта ў 20%, якія былі названыя ў апошнім сацыялагічным даследаванні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

belsat.eu

Стужка навінаў