Генпракуратура: Подпісаў мала, на сход не хадзіць!


Генеральная пракуратура Беларусі звяртаецца да грамадзянаў: не паддавацца на заклікі ініцыятараў Народнага сходу і не ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта паведаміў 6 кастрычніка журналістам начальнік кіраўніцтва нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў.

6 кастрычніка ініцыятараў сходаў Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча выклікалі ў пракуратуру. Як сказаў Радзівонаў, у сваіх тлумачэннях яны спасылаліся на тое, што на правядзенне Народнага сходу мусіць распаўсюджвацца дзеянне закону “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.

Радзівонаў падкрэсліў, што для правядзення мясцовага сходу трэба сабраць подпісы 10 % жыхароў пэўнай тэрыторыі. Калі ж гэта не зроблена, адзначыў ён, на акцыю распаўсюджваецца закон “Аб масавых мерапрыемствах”, паводле якога на правядзенне акцыі трэба атрымаць дазвол мясцовых уладаў.

“Імі былі сабраныя нешматлікія подпісы ў жыхароў некалькіх дамоў, прылеглых да плошчы Бангалор, і ў мікрараёне Серабранка, што відавочна недастаткова для правядзення мясцовага сходу з удзелам жыхароў Менску, якіх больш за паўтара мільёна”, – заявіў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ініцыятары Народнага сходу не падалі інфармацыі пра колькасць подпісаў. Паводле Генадзя Фядыніча, іх сабрана каля 5000.

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры зрабіў выснову, што правядзенне Народнага сходу 8 кастрычніка – несанкцыянаванае. Ён паведаміў, што Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча папярэдзілі пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства. У адваротным выпадку іх могуць прыцягнуць да адказнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў