Справа аб выбуху: ні адбіткаў пальцаў, ні слядоў выбухоўкі


Эксперты не знайшлі слядоў выбуховых рэчываў на адзенні і абутку Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва пасля іхнага затрымання паводле падазрэння ў здзяйсненні выбуху ў менскім метро. Гэта вынікае з зачытаных 6 кастрычніка ў Вярхоўным судзе вынікаў выбуховатэхнічных экспертызаў, што праводзіліся ў красавіку–траўні.

На даследаванне адправілі адзенне, абутак, фрагменты валасоў, змесціва пазногняў, змыванні з твару і насавых хадоў Канавалава і Кавалёва. Згодна з заключэннем экспертаў, на абвінавачаных «рэчываў арганічнага паходжання, што адносяцца да выбуховых, не выяўлена». Экспертыза па Канавалаву была завершаная 9 траўня, па Кавалёву – 18 траўня.

У судзе таксама былі абнародаваныя вынікі комплекснай генатыпаскапічнай і выбуховатэхнічнай экспертызы рэчаў, канфіскаваных у кватэры на вуліцы Клумава, якую здымаў Кавалёў. У прыватнасці, канфіскавалі вопратку, пабытовую тэхніку, будаўнічыя інструменты, а таксама змыванні з падлогі і мэблі. Следчых цікавіла, ці маюцца на іх сляды выбуховых рэчываў, ці ёсць на іх сляды ДНК Кавалёва, Канавалава, ягонага бацькі і брата, Яны Пачыцкай, а таксама сяброў і знаёмых абвінавачаных, якія праходзілі паводле справы аб тэракце.

Згодна з заключэннем экспертызы, слядоў выбуховых рэчываў нідзе не знойдзена, знойдзеныя сляды ДНК Кавалёва, а таксама сляды, прыналежнасць якіх каму-небудзь экспертам устанавіць не ўдалося.

Цікавымі ўяўляюцца вынікі дактыласкапічнай экспертызы ад 4 траўня, якая даследавала на прадмет наяўнасці адбіткаў пальцаў шэраг рэчаў, канфіскаваных 13 красавіка ў сутарэнні № 52 дому 8, корпус 1 па вуліцы Рэпіна ў Віцебску, дзе, як упэўненае следства, Канавалаў рыхтаваў выбуховыя прыстасаванні. На экспертызу, у прыватнасці, адправілі пластыкавую ёмістасць з вадкасцю жоўтага колеру, ліпкую стужку, некаторае абсталяванне для хімічных доследаў. На ўсіх гэтых прадметах экспертыза не знайшла ніводнага адбітка пальцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў