Каму крэдыт патрэбны найбольш?


На думку фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, афіцыйны Менск мае вялікія шанцы на атрыманне чарговага крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду. «Яны [МВФ – belsat.eu] вельмі зацікаўленыя ў пэўным поспеху. Такім поспехам можа быць канчатковы вынік рэфармавання абсалютна нерэфармаванай яшчэ эканомікі. Мы вельмі адсталая ў гэтым сэнсе краіна, але ў гэтым і нашая перавага – мы можам карыстацца досведам тых краінаў, што гэты шлях прайшлі, а таксама з-за адсталасці ў нас вялікі патэнцыял павышэння прадуктыўнасці», – заявіў эксперт у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

«70 % дзяржаўнага сектару, які стварае 70 % ВУП, – гэта вельмі вялікі патэнцыял для паляпшэння якасці менеджменту, прыцягнення інвестыцыяў і паляпшэння арганізацыі працы», – падкрэслівае Сяргей Чалы. Паводле аналітыка, прынцыповых чыннікаў, якія б перашкодзілі МВФ выдаць Беларусі крэдыт, амаль няма: «Пэўныя крокі Менск мусіць зрабіць «авансам». Выхад на адзіны курс, пераход да «зменнага» курсу рубля, узгадненне параметраў бюджэту ды параметраў развіцця эканомікі».

Пры гэтым чакаецца, што калі Беларусь атрымае крэдыт, то выкананне пастаўленых МВФ умоваў будзе кантралявацца больш жорстка, чым раней. «У мінулай праграме асноўныя прынцыповыя моманты нашыя ўлады тарпедавалі, прычым – у досыць здзеклівай форме, таму цяпер МВФ максімальна заклапочаныя тым, што зрабіць, каб ад выканання гэтай праграмы нельга было ўхіліцца», – падкрэсліў Сяргей Чалы.

Пры гэтым шанцаў ухіліцца ад выплаты крэдыту МВФ Менск фактычна не мае. «Як ва ўнутранай плацежнай сістэме ёсць Цэнтральны банк, што ёсць крэдыторам апошняй інстанцыі, да якога звяртаюцца, калі больш няма да каго звярнуцца. Гэтак сама на больш высокім узроўні для Цэнтрабанку МВФ – гэта крэдытор апошняй інстанцыі, – гаворыць Сяргей Чалы. – Калі вы ўжо там не можаце разлічыцца, то ў прынцыпе ўсе астатнія магчымыя крэдыторы, якія ёсць, не будуць нават размаўляць».

belsat.eu

Стужка навінаў