Андрэй Сушко ў “Гарачым каментары”


Справу Алеся Бяляцкага перадалі ў Першамайскі суд Менску. Пры гэтым мера стрымання застаецца нязменнаю – заключэнне пад варту. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі застаецца за кратамі ўжо болей за два месяцы. Падставаю для арышту сталася інфармацыя пра банкаўскія рахункі праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Літве ды Польшчы. Нягледзячы на ціск з боку праваабаронцаў з розных краінаў свету, выглядае на тое, што ў хуткім часе ў Беларусі стане на аднаго палітвязня болей.

Паводле праваабаронцы і калегі Алеся Бяляцкага, суд адбудзецца ў хуткім часе, паколькі ўлады спадзяюцца замяць шум вакол вядомага праваабаронцы. “Я думаю, гэта будзе нейкая “хімія”, можа нават хатняя, каб абмежаваць спадару Бяляцкаму выезд за межы Беларусі”, – кажа спадар Сушко.

Нягледзячы на арышт Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”, праваабарончы рух у Беларусі не паслабеў. “Каб так сталася, трэба было б арыштаваць каля 20 асноўных асобаў”, – кажа Сушко.

Праваабаронца мяркуе, што працэс будзе адкрытым, з тым, каб прывесці нейкія доказы віны Алеся Бяляцкага. “На жаль, калі глядзець фармальна, то доказы, атрыманыя з Літвы ці з Польшчы, будуць правамоцныя. То бок фармальна Бяляцкі мае, за што сядзець. Аднак я хачу нагадаць гледачам “Белсату”, што праваабарончы цэнтр “Вясна” не меў магчымасці легальна працаваць у Беларусі: неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі, Мінюст намагаўся закрыць цэнтр. Таму “вясноўцы” былі вымушаныя працаваць праз такія схемы”, – нагадаў Андрэй Сушко.

belsat.eu

Стужка навінаў