Закон аб “бяздзеянні” прынялі


Праўда, з фармулёўкаю “несанкцыяванае дзеянне”. Што яна значыць, не ведаюць самі распрацоўнікі законапраекту і спадзяюцца на юрыстаў.

Паводле дакументу, акцыі маўклівага пратэсту будуць падпадаць пад Закон аб масавых мерапрыемствах. Пра гэта заявіў журналістам намеснік старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз, каментуючы прынятыя парламентам папраўкі.

Як паведамлялася раней, паседжанне, на якім абмяркоўваўся праект закону, прайшло вечарам 3 кастрычніка пры адсутнасці журналістаў. Пра яго стала вядома праз дзень з паведамлення, размешчанага на сайце ніжняй палаты.

На пытанне, чаму гэты законапраект прынялі пры адсутнасці медыяў, Глаз, па сутнасці, гэтак і не адказаў. “Права Палаты прадстаўнікоў вызначаць, адкрытым ці закрытым будзе парадак разгляду законапраекту”, – заявіў ён.

Згодна з новым законам, збор грамадзянаў, у тым ліку арганізаваны з дапамогаю інтэрнэту, лічыцца пікетам, які мусіць быць санкцыянаваны ўладамі, паведаміў Глаз. Да атрымання дазволу распаўсюджваць інфармацыю пра месца і час яго правядзення нельга, падкрэсліў дэпутат.

Паводле яго, падчас дапрацоўвання законапраекту панятак “несанкцыянаванае бяздзеянне або бяздзеянне” замянілі на “несанкцыянаванае дзеянне”. На пытанне журналістаў, што канкрэтна гэта акрэслівае, Глаз адказаў: “Юрысты вызначаць, што гэта азначае”.
Флэш-мобы ў законапраекце таксама прыраўноўваюцца да масавых мерапрыемстваў, бо месца і час яго правядзення агаворваюцца загадзя, заявіў Глаз.

Што да дзеянняў міліцыі падчас масавых акцыяў, то, паводле дэпутата, працаўнікі праваахоўных органаў могуць быць апранутыя ў цывільнае, але перш як затрымліваць чалавека, мусяць назвацца, указаць на незаконнасць удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і папрасіць пакінуць яго.

Глаз не змог даць канкрэтнага адказу на пытанне, ці трэба падаваць заяўкі на правядзенне акцыяў накшталт Народнага сходу, які апазіцыя рыхтуе на 8 кастрычніка (арганізатары Народнага сходу не прасілі ў Менгарвыканкаму дазволу на яго правядзенне, бо мясцовыя сходы не падпадаюць пад дзейны Закон аб масавых мерапрыемствах). Аднак з ягоных словаў можна зрабіць выснову, што па дазвол да мясцовых уладаў арганізатарам усё ж давядзецца звяртацца. Пры гэтым Глаз зазначыў, што “ні тэарэтычна, ні практычна набыццё законам моцы да 8 кастрычніка немагчымае”.

Дэпутат паведаміў, што законапраект найперш скіраваны на ўзмацненне захадаў дзеся запэўнівання бяспекі грамадзянаў падчас масавых мерапрыемстваў.

“Улічваючы вялікі грамадскі рэзананс, камісія старанна вывучыла заканадаўчую базу краінаў СНД, Еўропы і ЗША. Мы зрабілі выснову, што ідэальнай канцэпцыі ўмоваў рэалізацыі права на свабоду меркаванняў няма. Наш закон у прынцыповых падыходах нічым у горшы бок не вызначаецца – наадварот, у плане адказнасці ён больш ліберальны”, – сцвярджае Глаз.

Пры гэтым ён зазначыў: сам па сабе замежны досвед неадназначны, і да яго трэба падыходзіць асцярожна. “У кожнай дзяржавы ёсць функцыя, якую яна павінна выконваць у першачарговым парадку: гэта запэўніванне бяспекі грамадзянаў. Законапраект скіраваны на захаванне стабільнага стваральнага становішча ў краіне”, – упэўнены дэпутат.

Унясенне паправак у Закон аб масавых мерапрыемствах МУС ініцыявала летам, калі па ўсёй Беларусі штотыднёва праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзянаў, не згодных з палітыкаю кіраўніцтва краіны. У першапачатковым варыянце законапраект прыраўноўваў да пікетавання нават бяздзеянне, арганізаванае ў тым ліку праз інтэрнэт для публічнага выказвання сваіх поглядаў.

belsat.eu

Стужка навінаў