Латвійцы перабудуюць браслаўскі шпіталь у гатэль


Кампанія «Akva NMP» з Латвіі заключыла інвестыцыйнае пагадненне наконт будаўніцтва гатэльнага комплексу ў Браславе. Арганізацыя ўжо збудавала больш за дзясятак бізнес-цэнтраў і жылых комплексаў на тэрыторыі сваёй краіны.

«Аб’ём інвестыцыяў дасягае некалькіх мільёнаў даляраў. Раён даволі перспектыўны ў турыстычным плане, ніша не запоўненая, – мяркуе кіраўнік праекту Эдуард Арбітан. – Урад Беларусі прапаноўвае нам спрыяльныя ўмовы. Мы маем і іншыя планы для рэалізацыі на Браслаўшчыне, але гэта ўжо погляд у будучыню».

Дзяржава зацікаўленая ў прыходзе прыватніка, бо цяперашняя інфраструктура Браслава турызму не спрыяе. У раённым цэнтры працуе гасцініца на 70 чалавек, пабудаваная паўстагоддзя таму. Нумары ў ёй каштуюць 30–140 тыс. руб. за ноч, прычым у большасці пакояў няма ні прыбіральні, ні душа.

«У гатэль будзе перароблены будынак былой лякарні. Латвійцы падаліся нам сур’ёзнымі партнёрамі, якія паспяхова выканаюць праект, – расказвае дырэктар дэпартаменту турызму Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін. – Але гэта не адзіны турыстычны аб’ект, які з’явіцца ў бліжэйшыя гады. Мы шчыльна супрацоўнічаем з кампаніяй «Кировскпромстрой», якая ў наступным годзе хоча пабудаваць адну базу адпачынку, а праз некалькі гадоў – яшчэ адну. Разам яны змогуць прыняць 150 чалавек. А пасля можа з’явіцца яшчэ і невялікі турыстычны пасёлак катэджавага тыпу».

belsat.eu

Стужка навінаў