Хто ладзіць напады на апазіцыянераў?


Ёсць усе падставы меркаваць, што людзі, якія ўчынілі напады на Валерыя Ухналёва і Анатоля Лябедзьку, звязаныя з сілавымі структурамі. Пра гэта 3 кастрычніка заявіў лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін на прэс-канферэнцыі, прысвечанай хвалі бандыцкіх нападаў на прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

Уначы 1 кастрычніка ў Валожынскім раёне на трасе Вільня–Менск быў здзейснены разбойны напад на машыну, у якой ехалі Валерый Ухналёў (намеснік старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”) з дачкою і чалец аргкамітэту стварэння “Беларускага руху” Вацлаў Арэшка. Спачатку іх спыніў чалавек у форме працаўніка ДПС, а калі Ухналёў выйшаў з машыны для праверкі дакументаў, раптам з’явілася група невядомых у масках, якія абрабавалі аўта. У гэты ж дзень невядомыя ў цывільным спрабавалі затрымаць Лябедзьку ў двары ягонага дому.

Тых, хто нападаў, Калякін назваў “маральнымі вырадкамі”. Паводле яго, у Валерыя Ухналева жонка хворая на анкалагічнае захворванне і Валерый пазычыў грошай на лекі, таму, калі ехаў у Літву, у яго была пры сабе буйная сума грошай (паводле інфармацыі Калякіна, 12 тысяч долараў). Лекі купіць не ўдалося. “Людзі, якія нападалі, адназначна ведалі, што ў іх ёсць грошы, яны сканфіскавалі гэтыя грошы і забралі з сабою”, – сказаў палітык.

“Удалося заўважыць і запомніць нумар адной з машынаў, яны паведамілі пра гэта працаўнікам Валожынскага райаддзелу, тыя высветлілі, што гэты нумар ужо больш за год здадзены ў органы ўнутраных справаў, але чамусьці не знішчаны і выкарыстоўваецца. Гэта ніяк не можа быць магчымым без удзелу праваахоўнай сістэмы”, – сказаў Сяргей Калякін.

“Гэта запалохванне, – перакананы Валерый Ухналёў. – Маўляў, нікуды не высоўвайся, нідзе нічога не кажы… У апошні час актывізавалася дзейнасць і партыйная, і мая асабістая… Я удзельнічаў у шматлікіх міжнародных канферэнцыях, выступаў, напэўна, не так, як хацелася б уладам”, – зазначыў Ухналёў.

“Нам цяпер як ніколі патрэбная салідарнасць унутры прыхільнікаў пераменаў, нам патрэбная міжнародная салідарнасць і нам патрэбны свой план, як супрацьстаяць эскадрону страху. Я думаю, у бліжэйшы час апазіцыя правядзе кансультацыі, што мы канкрэтна можам рабіць”, – падкрэсліў у часе прэс-канферэнцыі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў