Скончылі следства па справе Алеся Бяляцкага


Цягам 5 дзён справа перададуць у суд, які прызначыць дату яе разгляду, паведаміў прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Праваабаронцы не выключаюць, што суд над кіраўніком “Вясны” можа быць закрыты, але збіраюцца прыкласці ўсе намаганні, каб справа разглядалася адкрыта і Алесь Бяляцкі быў вызвалены. “Нягледзячы на старанні беларускіх уладаў, ім не ўдалося на міжнародным узроўні прадставіць справу Алеся Бяляцкага як крымінальную. У Еўразвязе арышт звязваюць менавіта з яго праваабарончай дзейнасцю”, — падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Што датычыць магчымасці памілавання Алеся Бяляцкага разам з іншымі палітвязнямі, то, як гаворыць Валянцін Стэфановіч, гэта наўрад ці магчыма. Алесь Бяляцкі не асуджаны, таму такая захада да яго не можа быць ужытая, тлумачыць праваабаронца. Аднак ён спадзяецца, што Алесь Бяляцкі можа быць вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. “Заўтра заканчваецца двухмесячны тэрмін утрымання Алеся Бяляцкага пад вартаю. Мы зноўку збіраемся хадайнічаць пра змену Алесю Бяляцкаму захады стрымання пад падпіску аб нявыездзе. Ранейшыя адмовы ў гэтым следчыя органы матывавалі ў тым ліку і тым, што, застаючыся на волі, Бяляцкі можа паўплываць на хаду следства”, — гаворыць Валянцін Стэфановіч.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, якая ўвайшла ў склад Міжнароднага камітэту вылучэння Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру, спадзяецца, што гэтае вылучэнне прыцягне яшчэ большую ўвагу грамадства да справы Алеся Бяляцкага і паўплывае на лёс не толькі праваабаронцы, але і іншых палітзняволеных.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Паводле гэтага артыкулу прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

belsat.eu

Стужка навінаў