Цырк Юрыя Башмета


У Менску прайшоў VI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Ён адкрыўся ў Беларускім дзяржаўным цырку, дзе быў прадстаўлены праект «Музыка і цырк!». У канцэрце ўзялі ўдзел народны артыст СССР Юрый Башмет (альт), а таксама Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.

Маэстра і аркестр выканалі ўверцюру да оперы Міхаіла Глінкі «Руслан і Людміла», сімфонію для аркестра з саліруючым альтам «Гарольд у Італіі» Эктора Бэрліёза, а таксама сюіты з балетаў «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» і «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага.

Пасля канцэрту адна са слухачак скептычна ацаніла ідэю сімбіёзу сімфанічнай музыкі і цыркавых нумароў: «Я слухала Башмета і ў оперным тэатры, і ў філармоніі, а вось тут, у цырку, не ўспрымаецца гэтак, як хацелася б. Мяркую, такія эксперыменты не патрэбныя – класіка ёсць класіка».

А вось маладая пара прызналася, што ў захапленні ад канцэрту: «Цікава і незвычайна! Уразіла, напрыклад, тое, што мы ўбачылі дырыжора з незвычайнага боку. Ён жа заўсёды спінаю да залы, а тут бачыш ягоны твар, эмоцыі – і гэта было здорава!»

belsat.eu

Стужка навінаў