Анатоль Лябедзька: Лукашэнка пакрыўдзіўся


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі звязвае спробу ягонага затрымання 1 кастрычніка з візітам дэлегацыі ад беларускай апазіцыі на саміт “Усходняга партнёрства”. Паводле палітыка, прычынаю пераследу можа быць асабістая крыўда Аляксандра Лукашэнкі.

“Не ён, а апазіцыя паехала ў Варшаву. Не ён, а яны сустракаліся на самым высокім узроўні. Не з ім, а з апазіцыяй размаўлялі пра планы фінансава-эканамічнай дапамогі для Беларусі. Моцна пакрыўджаны Аляксандр Лукашэнка – тут павінны быць наступствы”, – заявіў Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю “Белсату”.

Інцыдэнт адбыўся 1 кастрычніка ў двары дому палітыка. Анатолю Лябедзьку заламалі рукі ды спрабавалі ўвапхнуць у машыну невядомыя ў цывільным. За яго заступіліся жонка Святлана і суседзі, якія сваймі аўтамабілямі заблакавалі выезд з двара. Сведкі выклікалі міліцыю і паспрабавалі адбіць лідара АГП у невядомых. Працаўнікі міліцыі, якія прыехалі на выклік, удакладнілі асобы нападнікаў. Тыя аказаліся таксама прадстаўнікамі сілавых структураў. На гэтым сутыкненне скончылася, і палітыка павезлі ў Цэнтральнае РУУС Менску. “Мне сказалі, што возьмуць тлумачэнні з той нагоды, што я быццам бы незаконна перасякаю мяжу. Я сказаў, што калі я незаконна нешта раблю – калі ласка, заводзьце крымінальную справу, перадавайце ў суд, і хай ён вырашае, – гаворыць Анатоль Лябедзька. – У адказ на тое, што робяць КДБ і МУС, якія не аддаюць мне пашпарт, я адмовіўся ад усялякай размовы. Я проста замаўчаў. Праз некаторы час прыйшоў чалавек у цывільным і сказаў: “Вы вольныя, мы вас позваю выклічам”.

Анатоль Лябедзька заявіў, што чакаў магчымага пераследу і ціску пасля візіту ў Варшаву. “Але я не прагназую, што гэта можа цягнуцца бясконца. Эканамічныя і фінансавыя чыннікі будуць уплываць на сітуацыю. Я думаю, што эмоцыі пройдуць, бо ў Лукашэнкі няма альтэрнатывы – толькі шукаць шлях да Бруселю і аднаўляць адносіны, спрабаваць вярнуцца ў тую сітуацыю, якая была да прэзідэнцкай кампаніі”, – дадаў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў