Палажанка: Палітвязняў катуюць “на развітанне”


Выпушчаная на свабоду намесніца старшыні “Маладога фронту” спадзяецца, што перавод Змітра Дашкевіча ў глыбоцкую калонію палепшыць ўмовы яго ўтрымання.

“Я лічу, што мяжа беззаконня была перасычаная і “Горкі” вырашылі пазбавіцца ад яго, паколькі я не збіраюся адмаўляцца ад узбуджэння крымінальнай справы на кіраўніка калоніі. Гэта ўжо было ў працэсе. У пракуратуры людзі, якія займаюцца праверкаю калоніяў, казалі мне, што правапарушэнняў шмат. Як мінімум за тое, што да Дашкевіча не пускалі адваката, адміністрацыя панесла б пакаранне. Таму яны вырашылі, каб не падстаўляць сваіх службоўцаў, перавесці Дашкевіча, і пакінуць яго ў спакоі, спадзяюся”, – кажа Наста Палажанка.

Сама актывістка толькі выйшла на свабоду пасля адзінаццаці дзён арышту паводле абвінавачання ў парушэнні арганізацыі масавых акцыяў.

“Пасадзілі мяне, відаць, прынцыпова, ведаючы, што ў мяне ўмоўны тэрмін, – і мне трэба даць гэты арышт. Бо ніякага правапарушэння я не здзяйсняла – нават калі мець на ўвазе, што я не лічу правапарушэннем вывешванне нацыянальных святыняў, то я іх не вывешвала. Я не была на даху, не было ўсяго таго, што было напісана ў мяне ў пратаколе”, – заявіла дзяўчына.

Насту Палажанку арыштавалі разам з былым палітвязнем Уладзімірам Яроменкам, у дваццатую гадавіну абвешчання гербу “Пагоня” і бел-чырвона-белага сцягу нацыянальнымі сімваламі Беларусі. У жніўні яна ўжо адбыла 12 дзён арышту за ўдзел у пікеце дзеля падтрымання палітвязня, лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча. У выніку наступнага парушэння праваахоўнікі могуць змяніць Насце захаду стрымання. За падзеі 19 снежня лідарку “Маладога фронту” асудзілі на год вязніцы з гадавым адтэрмінаваннем.

belsat.eu

Стужка навінаў