Артхаўз у трамваі


29 верасня ў Менску да 15-годдзя кампаніі “Карамболь” адбыўся закрыты кінапаказ – рэтраспектыва “Кінаварка 2009–2010”, у трамваі, які праехаў маршрутам Мяснікова – Зялёны Луг.

“Трамвай коціцца не проста так, а з культурна-асветніцкаю мэтаю”, – такімі словамі віталі кінаманаў арганізатары маршруту.

Унікальнасць форуму ў тым, што ўдзельнікам, якія не маюць магчымасці самастойна зняць кіно, арганізатары даюць неабходнае тэхнічнае абсталяванне для здымак, мантажу, а таксама кансультацыі адмыслоўцаў.

Рашэнне зладзіць закрыты кінапаказ у трамваі арганізатары матывавалі тым, што трамвай, рухаючыся наперад у прасторы, тым самым прасоўвае і беларускае кіно.

“Усе кінафестывалі прыдумляюцца для таго, каб развіваць гэты кірунак у мастацтве. Каб кіно не застойвалася, каб не ператваралася ў суцэльныя кінашлягеры ці мэйнстрым, – распавядае натхняльнік “Кінаваркі” Уладзімір Максімкоў. – Узнікаюць нейкія новыя ідэі, новыя людзі, арыгінальны погляд на рэчы, які праз нейкі час становіцца агульнапрынятым. Гэтак развіваецца кінематограф”, – адзначыў Максімкоў.

Фестываль праходзіць трэці раз – і гучных імёнаў ён пакуль не адкрыў. Аднак арганізатары вераць, што гэта ненадоўга. “Думаю, што гадоў праз пяць-сем удзельнікі “Кінаваркі” сапраўды пачнуць займацца вялікім кіно ў нашай краіне”, – падкрэсліў Уладзімір Максімкоў.

Паводле яго, эканамічны крызіс кінагурманаў не палохае. Наадварот, яны лічаць яго самым плённым часам для новых ідэяў. “Якраз у час крызісу ўзнікаюць найноўшыя, самыя арыгінальныя ідэі, бо людзі пачынаюць займацца творчасцю дзеля творчасці, а не дзеля продажу”, – сказаў Уладзімір Максімкоў.

Прыём працаў на форум працягваецца да 1 кастрычніка. Аднак арганізатары фестывалю плануюць працягнуць тэрмін – наколькі, пакуль не ўдакладняюць.

belsat.eu

Стужка навінаў