500 долараў за багатага мужа? Як беларуска трапіла ў агенцтва знаёмстваў у Маскве


Марына, 25-гадовая беларуска, жыве і працуе арганізатарам святочных мерапрыемстваў у Маскве. У сацыяльнай сетцы Tinder яна пазнаёмілася з Мікалаем. За тое, каб яе адпусцілі са спаткання, дзяўчына заплаціла 30 долараў.

Аднойчы ранкам Марыне патэлефанавалі. Яна не адразу зразумела, хто гэта, нумар быў незнаёмы. Тэлефанавала жанчына, сказала, што яна Любоў ад Мікалая, і што яны дамаўляліся на сустрэчу. Аднак, перад сустрэчай з Мікалаем Марыне патрэбна сустрэцца з ёй, каб пазнаёміцца і ўсё абмеркаваць.

«Вельмі падобна было, што гэта хтосьці па працы. Я арганізую вяселлі і карпаратыўныя мерапрыемствы, і кола знаёмых вельмі вялікае і разнастайнае», – распавядае Марына.

Пазней яна ўспомніла, што некалькі дзён таму яна пазнаёмілася з адным Мікалаем у Tinder і пакінула яму свой нумар тэлефону.

Tinder – мабільнае прыкладанне для знаёмстваў

«Я знаёмлюся ў Tinder, больш для задавальнення і пашырэння колу знаёмстваў. Многія лічаць, што гэтыя знаёмствы толькі на адну сустрэчу. Але ж я знайшла там багата цікавых людзей і кантактаў, карысных для працы».

Так званы «офіс», куды запрасілі Марыну, знаходзіўся ў цэнтры Масквы. Любові на месцы не апынулася, і Марыну накіравалі да іншай асобы, Алены. З Марынай пайшла сяброўка, якая чакала ўвесь час непадалёк, бо ад самага пачатку дзяўчына зразумела, што такое спатканне выглядае незвычайна.

«Я прыйшла ў прызначанае месца і час, зразумела, што гэта рэстаран, публічнае месца, тут мяне не ўкрадуць і не заб’юць, і мне стала цікава, што будзе далей. Першая думка была, што гэта сеткавы бізнес, распаўсюд нейкай касметыкі або нешта падобнае».

Але тут з’явіўся кітайскі астролаг.

Замуж праз тыдзень

«Кітайскі астролаг падышоў, запытаўся ў мяне дату народзінаў, і апынуўся ў выніку вельмі цікавым. Здавалася, ён быў цалкам прафесійным, бо распавёў мне і пра маю працу, і пра мой характар і яшчэ нейкія рэчы, якія мяне ўразілі».

Потым Марыне правялі экскурсію па агромністым памяшканні другога паверху рэстарану. Пампезныя калоны, прыгожая мэбля, вялікія вокны, вінтажныя шторы… Вялізны зал для фуршэтаў, месца для фотасесій і… мноства маленькіх кабінак за шторкай, дзе змяшчаюцца маленькія столікі і крэслы.

«Выходзілі нейкія дзяўчаты і жанчыны, дзякавалі, казалі, што ім вельмі спадабалася. Я не ведаю, можа гэта былі падстаўныя асобы».

Гэтыя людзі называюць сябе «Адзінае агенцтва знаёмстваў «Разам назаўжды». З 2012 году яны змянілі некалькі «офісаў» у Маскве, назваў і юрыдычных адрасоў. Клубная карта каштуе 500 долараў, і за гэта жанчынам прапануецца каталог выключна багатых і выключна паспяховых мужчынаў, якія шукаюць жонак. Агенцтва нібыта рыхтуе кліентак да першай сустрэчы з найлепшымі, на іх думку, кандыдатамі сярод жаніхоў Масквы. Ледзь не праз тыдзень нявесты агенцтва ўжо знаходзяць пару і выходзяць замуж. Так распавядалі Марыне.

На сайце агенцтва абяцаюць падабраць пару цягам 12 гадзінаў.

Выхад – за грошы

«Калі я зразумела, мне стала нясцерпна смешна, я пачала падліваць алівы ў агонь. Кажу ім, што ў мяне няма мэты выйсці хутчэй замуж. А яны не вераць у гэта і думаюць, што калі я сяджу недзе ў сацыяльнай сетцы і знаёмлюся, то ў мяне ёсць праблемы ў адносінах з мужчынамі. Яны не разумелі, як мяне апрацоўваць, зноў пачалі распавядаць пра супермэнаў, якіх я магу тут знайсці».

500 долараў – гэта нібыта вельмі танна і з вялікай зніжкай, па словах прадстаўнікоў агенцтва. Мужчыны, што жадаюць пазнаёміцца, плацяць нашмат больш. Пасля таго, як Марына адмовілася адразу купляць клубную карту, ён прапанавалі пакінуць залог за тое, што яна прыйдзе яшчэ раз, на фотасесію.

«Я сказала, што не буду плаціць і старалася сысці акуратна. Пачаўся ціск. Я казала, што ў мяне з сабой няма грошай, а яны настойвалі, што такога не можа быць і трэба пакінуць, колькі ёсць, і, мала таго, скласці дамову».

Тут дзяўчына проста паднялася і стала выходзіць. Перакрываць дарогу ёй сталі ўсе, у тым ліку, кітайскі астролаг. Каб сысці спакойна, без сварак і спрэчак, Марына пакінула ім 2000 расейскіх рублёў (прыкладна 30 долараў). А пасля з сяброўкай у кафэ яны знайшлі гэтае агенцтва ў Інтэрнэце.

Скрыншот з сайта знаёмстваў «Разам назаўжды»

Як зарабляе фэйкавае агенцтва

«Гэта вельмі вялікія махляры. Ніякага Мікалая не існуе. Гэта фэйкавы акаўнт, напэўна, Любові, якая мне і тэлефанавала. Яны знаходзяць дзяўчат паўсюль, праз сацыяльныя сеткі, на вакзалах, тых, хто прыехаў з правінцыі. Туды трапляюць або зусім наіўныя дзяўчаты, якія шукаюць лёгкага прыгожага жыцця, або жанчыны больш сталага ўзросту, але без пары і ў адчаі».

Грошы яны зарабляюць не толькі на клубных картах. Гэта толькі першы выдатак на шляху да «багатага мужа». Далей жанчынам распавядаюць, што каб стаць добрай жонкай, неабходна прайсці курс з псіхолагам, і ў агенцтве ёсць як раз спецыяліст, на паслугі якога кліенткам прапануецца зніжка. Прапануюцца і навязваюцца розныя трэнінгі і майстар-класы. Кажуць, што мужчына ўжо зацікавіўся кандыдаткай, але для першай сустрэчы трэба паправіць яшчэ, напрыклад, вымаўленне. Калі ласка, у нас ёсць спецыяліст.

У водгуках у Інтэрнэце можна знайсці сведчанне жанчыны, што патраціла каля 450 тысячаў расейскіх рублёў (каля 8000 долараў) на іх паслугі, і ні разу яшчэ не была на спатканні з абяцаным мужам.

На наступны дзень Марыне пачалі тэлефанаваць і дасылаць паведамленні. Спачатку яна не адказвала, але настойлівыя свацці патрапілі да яе з незнаёмага нумару. Марына ім цвёрда сказала, што яна больш ніколі не прыйдзе. На гэтым усё скончылася.

Пасля сустрэчы Марыне некалькі разоў тэлефанавалі і дасылалі паведамленні.

«Я зразумела, што патраціла 2000 рублёў за гэты досвед. Для Масквы такія рэчы – не рэдкасць. На цябе проста накідваюцца, ціснуць, вельмі граматна ўсё робяць. На чалавека, які менш стрэсаўстойлівы, гэта магло б спрацаваць. Я пакінула грошы не таму, што яны выманілі іх, а таму, што мне хацелася ўжо сысці хутчэй».

На іх сайце паведамляецца, што агенцтва існуе ўжо больш за 8 гадоў і кожны дзень да іх звяртаецца ад 5 да 70 асобаў, якія жадаюць стаць удзельнікамі праекту. Таксама кожны дзень у іх «офісе» быццам адбываюцца 5-20 спатканняў кожны дзень. Марына не заўважыла ні адной пары.

Негатыўных водгукаў у сеціве няшмат.

Belsat.eu патэлефанавалі ў агенцтва і запыталіся, ці працуюць яны на адлегласці, каб, напрыклад, знайсці маскоўскага мужчыну для дзяўчыны з Менску. Адказаў не вельмі ветлівы жаночы голас, які паведаміў, што ў Менску яны не працуюць і патрэбна ехаць у Маскву не менш, як на тры дні, і за гэты час можна паспрабаваць знайсці сваё каханне.

«Я лічу, што ў Менску такое немагчыма, – кажа Марына. У Маскве надта шмат людзей і яны пастаянна мяняюцца. Нават калі нехта апублікуе, што яны машэннікі, то нічога ім не станецца. Заўтра прыедуць сюды новыя тысячы людзей, новыя дзяўчаты, што шукаюць шанец у жыцці і гатовыя паверыць у любыя казкі пра прынца».

Вераніка Ўладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў