5 прычынаў раз і на ўсё жыццё палюбіць этна


Чаму вышыванкі, песні і абрады – гэта не кароткачасовая мода і не захапленне па маладосці гадоў, але лад жыцця?

Belsat.eu шукаў адказ на свяце Юр’я, зладжаным 7 траўня Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у конна-гістарычным клубе «Залатая шпора».

Чытайце таксама >>> Як у Рычове на Юр’ю зямлю з нябёсамі злучалі, каб тыя добры ўраджай ды плоднасць далі

Убачыць прыгажосць: мужчынскую і жаночую

У Студэнцкім этнаграфічным таварыстве распавядаюць праўдзівы жарт. Аднойчы на этнафестывалі ў адной замежнай краіне беларус пазнаёміўся з мардвінкамі. Увесь дзень ён любаваўся экзатычным хараством дзяўчат у традыцыйных строях. Пад час after-party, калі ўдзельнікі фэсту пераапрануліся ў звычайнае адзенне, ён іх не пазнаў, не звярнуў увагі і прайшоў міма.

Традыцыйны строй мяняе чалавека да непазнавальнасці. Беларускае адзенне стагоддзямі кшталтавалася паводле прапорцыяў і тыпу знешнасці нашых людзей. Хочаце паглядзець на сябе і прыемна здзівіцца? Апраніце ўвесь комплекс традыцыйнага адзення (пажадана менавіта з рэгіёну вашага паходжання) і падыдзіце да люстэрка. Рэдка хто пасля гэтага хоча як найхутчэй вярнуцца да унісескавых вузкіх джынсаў і маек у абліпку.

Пакаштаваць сапраўдную традыцыйную культуру: без савецкай беднасці і маркетынгавай кан’юктуры

Што мы ведаем пра нашую традыцыю? Саломка, дранікі, «Касіў Ясь канюшыну»? Сялянская культура, месца якой у XXI урбаністычным стагоддзі – у музеі і ў аграсядзібе? Рэканструктары-этнографы збіраюць матэрыял у экспедыцыях ды архівах. Са скрупулёзнаю дакладнасцю затым узнаўляюць яго ў сваіх імпрэзах. Варта хаця б адзін раз завітаць такое свята, каб паглядзець на Дажынкі ці Купалле без налёту эстраднасці ці камерцыі.

Якасна рэлаксаваць

Прынцып дзеяння модных атныстрэсавых размалёвак для дарослых прыдуманы задоўга да іх папулярнасці.

Вышыўка, вязанне, распісванне яек на Вялікдзень, нарыхтоўка зёлак – падчас гэтых заняткаў рукі працуюць з дробнымі дэталямі, а галава і душа адпачывае ад клопатаў.

Калі патрабуецца больш моцная рэлаксацыя з фізічнаю нагрузкаю, то кавальства, ганчарства ці простая рубка дроваў вам у дапамогу.

Акрамя захапляльнага працэсу – карысны вынік!

Каб верыць у моц слова

«Людзі зычаць адзін адному на Новы год здароўя, шчасця, усяго-усяго, але не выконваюць для гэтага ніякіх дзеяў», – гаворыць сябра СЭТу Наталля Ярмалінская. – Традыцыйнае свята – гэта абрад і рытуал. Напрыклад, гаспадары выганяюць коней на першую траву: яны жадаюць жывёле дабра і падмацоўваюць свае жаданні рытуалам».

Вядома, да такой магіі можна ставіцца па-рознаму. І разам з тым рэдкая сёння ўстаноўка «слова – гэта дзеянне» цалкам натуральная для традыцыйных святаў, асабліва калі яны ладзяцца адмыслоўцамі.

Каб жыць экалагічна і гарманічна

Шмат у каго інтарэс да этна пачынаецца з хобі і перарастае ў лад жыцця. Людзі з вышэйшымі адукацыямі перасяляюцца з гораду ў вёску, заводзяць кароў і агароды. Калі гадамі з захапленнем вывучаць традыцыі, то рана ці позна захочацца паводле іх жыць, каб разумець яшчэ глыбей.

«Я гляджу на гэта як на экалагічную нішу гаспадарання, – тлумачыць архітэктар, сталы ўдзельнік традыцыйных святаў Зміцер Мурашка. – Ландшафт і клімат фармуюць мысленне, а яно ў сваю чаргу – традыцыі абрадавыя ды гаспадарчыя».

У прыклад Зміцер прыводзіць тое, што розніца паміж узыходам сонца ў Горадні і Магілёве – прыблізна 40 хвілінаў. Адпаведна, каб добра пачувацца, жыхары гэтых гарадоў маюць падымацца разам з сонцам, а не па адным і тым жа гадзінніку. Калі жывеш у сваім доме і працуеш на ўласную гаспадарку ці бізнес, зрабіць гэта прасцей.

Традыцыя – гэта не зубры, буслы і вышыванка, а перадусім веды і мудрасць, прысвяціць якім можна ўсё жыццё.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў