5 гадоў узмоцненага рэжыму за зламаную нагу міліцыянта далі мужчыну, што прайшоў праз катаванні

У судзе Ленінскага раёну Менску скончыўся суд над 32-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам Віктарам Барушкам.

Мужчына сцвярджае, што ў Ленінскім РУУС яго моцна збілі і фактычна звалтавалі – пасля гэтага ён правёў у рэанімацыі 12 дзён.

У апошнім слове Віктар Барушка зазначыў, што не хацеў і не мог нанесці наўмысна шкоду міліцыянту. Калі такое атрымалася, дык выпадкова.

Віктар Барушка. Фота Белсат

«Я ні на секунду не дапускаў думкі ды жадання мэтанакіравана здзейсніць удар супрацоўніку праваахоўных органаў і прычыніць якую-небудзь шкоду ці пакалечыць. Маё выхаванне, прынцыпы, пагляды, каштоўнасці не дазваляюць мне прычыніць шкоду чалавеку, не залежна ад ягонай прафесіі, веравызнання, незалежна ад таго, ці ёсць ён супрацоўнікам сілавых структураў.

Хацеў бы звярнуць увагу на акалічнасці таго, што адбылося, і на довады, што ёсць у матэрыялах справы. На мой погляд, у справе не сабрана дастатковай колькасці довадаў, што пацвярджаюць пазіцыю і версію пацярпелага. Яшчэ раз настойваю, што ніякіх удараў я не наносіў і матываў ніякіх не меў.

Віктар Барушка. Фота Белсат

Я сапраўды ўцякаў, але пасля падсечкі пачаў падаць. Потым мяне паднялі супрацоўнікі міліцыі ды адвялі ў аўтазак. Відэа пацвярджае, што ўсё адбылося вельмі хутка, імгненна, за долю секунды. Здзейсніць нейкія ўсвядомленыя дзеянні ў выглядзе акцэнтаванага ўдару я не мог, але дапускаю, як і казаў раней, што такое магло адбыцца з незалежных ад мяне акалічнасцяў, выпадкова», – сказаў ён.

Віктар Барушка папрасіў прабачэння ў сваёй сям’і за хваляванні, што ім прынёс, і сказаў, што не парушыў прынцыпаў, на якіх бацькі яго выхоўвалі, – ім няма чаго яго саромецца. Калі гаварыў, перадае карэспандэнт «Белсату», Віктар плакаў, з ім плакала ўся зала.

Прысуд Барушку – 5 гадоў.

Барушка падзякаваў сваякам, сваёй будучай жонцы ды іхнаму малому сыну, медыкам, што паставілі яго на ногі, у тым ліку медыкам жодзінскага ізалятару, усім, хто яго падтрымлівае. Віктар таксама папрасіў суд аб справядлівым выраку.

ІК, belsat.eu

Hавiны