5 гадоў таму Расея правяла «рэферэндум» і анексавала Крым

ВІДЭА

16 сакавіка 2014 года Расея правяла незаконны з пункту гледжання міжнароднай супольнасці «рэферэндум аб статусе Крыму». Афіцыйны Менск, як і большасць краінаў свету, не прызнаў яго вынікаў. Пасля анексіі Крыму заходнія краіны ўвялі жорсткія санкцыі супраць Масквы, а кіраўніцтва Расеі ўзяло курс на паслядоўную самаізаляцыю.

Пасля расстрэлу Нябеснай сотні на Еўрамайдане, у ноч з 22 на 23 лютага Расея правяла спланаваную аперацыю па эвакуацыі былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў Растоў-на-Доне. Адпаведны загад аддаў асабіста Уладзімір Пуцін.

1 сакавіка Савет Федэрацыі РФ задаволіў зварот Пуціна з просьбай дазволіць выкарыстае ва Украіне расейскіх войскаў. Гэта было зроблена постфактум, бо яшчэ напрыканцы лютага так званыя «зялёныя чалавечкі» – расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў – занялі ключавыя вайсковыя часткі на паўвыспе, каб змусіць украінскіх вайскоўцаў да супрацы і пераходу на бок Расеі. Тыя адмаўляліся, але часткі ўжо апынуліся заблакаваныя расейцамі.

16 сакавіка 2014 года прайшоў «рэферэндум» аб статусе Крыма, дзе на галасаванне вынеслі пытанне аб уваходжанне ў склад РФ. Тады, па падліках нелегітымнага з пункту гледжання ўкраінскага заканадаўства ЦВК, 96,6% удзельнікаў выказаліся за далучэнне да Расеі.

Пераважная большасць краінаў-чальцоў ААН не прызналі «рэферэндум» законным волевыяўленнем. Пры разглядзе пытання аб сітуацыі ў Крыме ў Радзе Бяспекі ААН трынаццаць краінаў падтрымалі праект рэзалюцыі, паводле якой працэдура не мела законнай сілы, але Расея наклала вета на гэтую рэзалюцыю. Пазней Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой заявіла, што рэферэндум у Крыме адбыўся незаконна і не можа служыць падставай для змены статусу паўвыспы. Беларусь заўжды галасавала супраць рэзалюцыі па Крыме, што выклікала абгрунтаваную незадаволенасць у Кіеве.

18 сакавіка 2014 у Георгіеўскай зале Вялікага Крамлёўскага палаца Пуцін, прэм’ер-міністр самаабвешчанай Рэспублікі Крым Аксёнаў, старшыня новаўтворанага «Дзяржаўнага Савета» Крыму Канстанцінаў і прадстаўнік сепаратысцкага кіраўніцтва Севастопалю, грамадзянін РФ Чалы, падпісалі так званую «Дамова аб прыняцці Крыма ў склад Расеі».

Востраў Крым. Дэжавю, д/ф

Анексія суправаджалася масавай міграцыяй праўкраінскі настроеных мясцовых жыхароў у падкантрольныя ўкраінскім уладам населеныя пункты. Расея распачала на анексаванай паўвыспе пераслед крымскіх татараў, чальцоў Меджлісу – іх караюць вялізарнымі тэрмінамі зняволення па сфабрыкаваных справах. У цэлым за апошнія 5 гадоў сітуацыя з правамі чалавека ў Крыме значна пагоршылася.

ЗША і Еўразвяз увялі санкцыі супраць Расеі пасля анексіі Крыму.

«Расея баіцца моцных». Тры гісторыі палітзняволеных крымскіх татараў

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары