Альтэрнатыўная прыватызацыя беларускіх НПЗ


Эканаміст Леанід Заіка запрапанаваў альтэрнатыўную схему прыватызацыі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Венесуэльскія кампаніі, паводле ўраду, могуць стаць акцыянерамі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Хаця яшчэ нядаўна абсалютнымі фаварытамі з магчымых інвестараў называліся расейскія кампаніі.

Эканаміст Леанід Заіка прапанаваў прынамсі два магчымыя альтэрнатыўныя шляхі прыватызацыі.

“Можна падзяліць гэтыя акцыі на тры часткі – адна траціна належыць беларускаму боку, другая траціна можа належаць тым, хто гэтую нафту транспартуе, гаспадарам трубаправоду, і яшчэ адна траціна – вытворцам нафты. Гэта могуць быць і венесуэльскія, і расейскія кампаніі”, – падкрэсліў Леанід Заіка. На думку эксперта, продаж 50% акцыяў аднаму інвестару Беларусі не пасуе. “Адзін уласнік больш як 50% – гэта чыста расейскі алігархічны варыянт”, – заявіў эканаміст.

Яшчэ адзін магчымы варыянт прыватызацыі – продаж часткі акцыяў насельніцтву. “У людзей маса ваўчараў, ім нічога не аддалі на гэтыя ваўчары, – зазначыў эканаміст. – Ім прапаноўваюць толькі нейкую механізаваную калону №396, у якой два самазвалы і чатыры вартаўнікі-п’яніцы. А тут буйныя заводы, якія добра працуюць. Давайце правядзем такую “народную нацыяналізацыю” і ўключым у склад акцыянераў значную частку беларускага насельніцтва”.

belsat.eu

Стужка навінаў