487 свечак супраць раку малочнай залозы


У Горадні праходзіць акцыя, скіраваная на барацьбу з анкалагічнымі захворваннямі.

Акцыя «Ружовая стужка», арганізаваная гарадзенскім госпісам ды шэрагам медычных установаў, праходзіць у Горадні з 30 верасня да 1 кастрычніка. У першы дзень валанцёры запалілі на Савецкай плошчы 487 свечак, збудаваўшы з іх сімвалічную стужку. На наступны – на вуліцы Замкавая 13 для гарадзенак будзе арганізаванае бясплатнае абследаванне і кансультацыі з лепшымі лекарамі ў дадзенай галіне.

Арганізатарка акцыі кіраўніца дзіцячага госпісу Вольга Шульга нагадвае, што рак малочнай залозы з’яўляецца лідарам па смяротнасці сярод жанчын з ліку анкалагічных захворванняў. Раней было вельмі мала метадаў, каб дыягнаставаць анкалогію на ранніх этапах. Сёння іх значна больш.

«Самае галоўнае – сачыць за сабой, сваім здароўем ды ладам жыцця, – тлумачыць спн. Вольга, – Анкалогію лягчэй перадухіліць, калі яна выяўленая на першай ці другой стадыі. Тады можна вылечыцца нават з мінімальнымі наступствамі. Але ўжо трэцяя-чацвёртая стадыі найчасцей сканчаюцца смерцю…».

Паводле статыстыкі брытанскіх навукоўцаў да 2020 году кожны чацвёрты будзе пакутаваць на рак пэўнай сістэмы свайго арганізму. Таму лічыць, што хвароба можа закрануць кагосьці іншага, але не цябе або чальцоў тваёй сям’і – наўрадці слушная тактыка, упэўненая Шульга.

Тут жа валанцёры раздавалі буклеты, прысвечаныя праблеме. Са словаў складальнікаў, кароценькае выданне перакладзены з няпростай медычнай мовы на агульназразумелую. Мэтай было, каб засцярогу перад хваробай пачуў кожны, хто наўпрост умее чытаць.

Вольга Шульга таксама звяртае ўвагу, што ў буклеце ёсць дзве калонкі. У першай – тое, што залежыць ад жанчыны, а ў другой тое, што нельга кантраляваць. Фактараў з першай калонкі, як аказалася, значна больш, чым з другой. Найпрасцейшы ж крок, паводле арганізатаркі, не забывацца раз на год праходзіць ультра-гукавую дыягностыку, каб зберагчы спакой і здароўе сабе і сваім блізкім.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў