Адлічаны за?..


Каардынатара ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева па Ленінскім раёне сталіцы, студэнта-завочніка 5 курсу Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага інстытуту Уладзіміра Кумца адлічылі з навучальнай установы. Як сцвярджае кіраўніцтва ВНУ – за прагулы ды непаспяховасць. Актывіст упэўнены, што яго пакаралі за грамадскую дзейнасць.

У загадзе на адлічэнне Кумца пазначаецца, што студэнт прагуляў 110 гадзінаў са 130, якія адводзяцца на сесію. Да таго ж не здаў заліку па ангельскай мове, а іспыт па гэтым прадмеце ледзь выцягнуў на “тры”.

Уладзімір Кумец заяўляе, што ўсё гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо ў інстытуце ніколі не вялі журналу ўліку наведванняў заняткаў завочнікамі. “Дый як я мог прагуляць 110 гадзінаў, калі на залікі ды экзамены адводзіцца толькі 30 гадзінаў? Хто ж тады за мяне сесію здаў?”, – задае рытарычнае пытанне Уладзімір.

Маладзён сцвярджае, што ў яго ёсць інстытуцкая даведка аб тым, што ён выканаў навучальны план і паспяхова здаў сесію, а ў заліковай кніжцы насупраць ангельскага стаіць сапраўдная, а не выпраўленая, як у ведамасці, адзнака.

Што адзнаку змянілі на нездавальняльную, Уладзімір Кумец даведаўся ад свайго настаўніка па нямецкай мове. “Ён пазваніў мне ў нядзелю ўвечары і сказаў, што пад пагрозаю звальнення маіх настаўнікаў прымусілі перапісаць заліковую і экзаменацыйную ведамасці”, – распавёў “Белсату” Кумец.

Уладзімір гаворыць, што настаўнік па нямецкай гатовы пацвердзіць факт падлогу дакументаў. У якасці сведкаў выступяць і аднагрупнікі, якія прысутнічалі на іспыце і бачылі, што Кумец здаў яго паспяхова. “Уладзімір Някляеў ужо звязваўся з кіраўніцтвам ВНУ і яму заявілі, што калі мы “не будзем падымаць шуму”, то мяне адновяць на навучанні”, – распавёў Уладзімір Кумец.

Актывіст кажа, што ў гэтае абяцанне не верыць. Сустрэча Уладзіміра Кумца з генеральным дырэктарам інстытуту Андрэем Алпеевым прызначаная на сёння. Варта адзначыць, што Уладзімір Кумец быў адным з арганізатараў сустрэчы жыхароў Ленінскага раёну для вылучэння Някляева дэлегатам на Усебеларускі сход.

belsat.eu

Стужка навінаў