Леанід Злотнікаў: Пазбегнуць падзення ўзроўню жыцця можна


“У аснове выдачы крэдыту на $ 1 млрд “Сбербанкам” ляжыць жаданне Расеі не даць разваліцца беларускай эканоміцы і не дазволіць празаходнім сілам усталяваць сваю ўладу. Гэтага Расея баіцца, і таму падтрымлівае нас, каб трымаліся на паверхні, каб не было сацыяльнага выбуху”, – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

12 верасня было дасягнутае пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй пра крэдыт яшчэ на $ 1 млрд праз “Беларуськалій” – дзеля стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку. Пры гэтым, як падкрэсліў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, у адпаведнасці з дамоўленасцямі закладанне акцыяў “Беларуськалію” як гарантыя вяртання крэдыту не прадугледжваецца.

“На 1 ліпеня гэтага года кароткатэрміновыя даўгі – тыя пазыкі, якія трэба вяртаць сёлета, склалі $ 14 млрд. Трэба гэтыя грошы знайсці. Прынамсі сёлета патрэбны прыток валюты звонку на $ 1 млрд штомесяц, а ў наступным годзе – можа быць, і больш. Не відаць пакуль тых даходаў, якія развяжуць нашыя праблемы. Планы ўраду як былі – так і застаюцца, нічога не выконваецца”, – дадаў Злотнікаў.

Адмысловец таксама зазначыў, што эканоміка краіны вельмі неэфектыўная. Беларусь не можа назапасіць валюту і вяртаць пазыкі. “Цяпер у нас такая сітуацыя, што без прыцягнення новых даўгоў мы не можам аддаць старых”, – гаворыць Злотнікаў.

“Ёсць стратэгія, якая дазволіць пазбегнуць наступнага падзення ўзроўню жыцця, нават крыху яго павысіць. Гэта вельмі простая стратэгія: трэба выконваць тыя ўмовы, якія дыктуюць нам з усходу Расея, а таксама МВФ: фармаваць рынкавую эканоміку, сапраўды праводзіць прыватызацыю. Тады будуць створаныя ўмовы для прыходу замежных інвестыцыяў, для іх цяпер тут могуць быць вельмі спрыяльныя ўмовы, бо кошт працоўнай сілы ніжэйшы, чым у Кітаі, працоўная сіла цалкам кваліфікаваная, ёсць інжынерная інфраструктура”, – падкрэсліў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў