Усебеларускі сход як прыкмета таталітарызму


Палітолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч праводзіць паралелі паміж Усебеларускім народным сходам, сустрэчамі на Кубе ды сходамі ў Нямеччыне за часоў Гітлера.

IV Усебеларускі народны сход пройдзе ў Менску 6–7 снежня. На абмеркаванне выносяцца вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2006–2010 гады і асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” палітолаг Уладзімір Мацкевіч выказаў сумнеў што да здольнасці такіх сходаў як-кольвек паўплываць на далейшае развіццё краіны. “Ні ў воднай дэмакратычнай краіне такога няма і быць не можа. Ёсць адпаведныя прадстаўнічыя інстытуты, праз якія і адбываецца ўзаемадзеянне ўлады і народу”.

Палітолаг параўноўвае Усебеларускі народны сход з сустэчамі на Кубе. “Там і адбываецца нібыта ўзаемадзеянне Кастра з народам: адзін гаворыць, а народ моўчкі слухае, – кажа Уладзімір Мацевіч. – Такія ж сходы збіраў Гітлер і адмыслова адбудоўваў архітэктуру для такіх сходаў”.

Уладзімір Мацевіч скрытыкаваў падобную практыку “раіцца з народам”. “Склікаецца народ, які нічога не можа сказаць. Склікаюцца выпадковыя людзі ці адмыслова адабраныя людзі, што будуць толькі моўчкі слухаць і пляскаць у далоні на любую прапанову ўладаў”, – дадаў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў