«Міс Ангола» здабыла тытул «Міс Сусвет»


Першая прыгажуня Анголы Лэйла Лопэш, студэнтка, якая вывучае бізнес у горадзе Бэнгела, атрымала карону “Міс Сусвет”. 25-гадовая Лопэш распавяла журналістам, што, на ейную думку, менавіта ўсмешка прывяла яе да перамогі.

“Я хачу падзякаваць маім сябрам, бо гэта яны заўсёды казалі мне, што мая ўсмешка здольная матываваць людзей. Дык вось – гэта тое, што я выкарыстоўваю, каб можна было заахвочваць людзей, зрабіць гэтак, каб людзі хацелі быць побач са мною. Я заўсёды імкнуся быць жыццярадасным чалавекам. Думаю, сёння мне ўдалося паказаць сябе такім чалавекам, якім я магу быць”, – сказала “Міс Сусвет”.

Са словаў Лопэш, яна надалей будзе надаваць асаблівую ўвагу барацьбе са СНІДам і беднасцю – і па-за ейным бедным кантынентам. “Як “Міс Ангола” я ўжо багата зрабіла для майго народу. Я працавала ў шмат якіх сацыяльных праектах: для бедных дзяцей, у барацьбе супраць ВІЧ, для пажылых людзей. Я імкнуся зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб задаволіць патрэбы нашай краіны, і мне падаецца, што сусвет таксама мае патрэбу ў маёй дапамозе. Так што цяпер, як “Міс Сусвет”, я спадзяюся, што змагу зрабіць значна больш”, – зазначыла яна.

У фінале конкурсу за тытул “Міс Сусвет” змагаліся прыгажуні з Кітаю, Філіпінаў, ЗША, Анголы і Бразіліі. Агулам у конкурсе бралі удзел 89 жанчын, але пашанцавала толькі адной.

Бразільская глядачка Ракель Коста заявіла, што “Міс Ангола” зачаравала ўсю аўдыторыю: “Я мяркую, што вынік быў вельмі справядлівы. На маю думку, яна вельмі прыгожая прадстаўніца чорнай расы – і вельмі харызматычная дзяўчына. Публіка была ў захапленні. Гэта было выдатна”.

belsat.eu

Стужка навінаў