«Сбербанк» пагадзіўся даць крэдыт без закладу акцыяў


“Сбербанк” Расеі выдасць “Беларуськалію” крэдыт на $ 1 млрд, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Сяргей Румас. Пагадненне з “Сбербанкам” аб прыцягненні ААТ “Беларуськалій” крэдытных рэсурсаў на $ 1 млрд дасягнутае 12 верасня “дзеля стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку”, заявіў Румас.

Пры гэтым, падкрэсліў віцэ-прэм’ер, у адпаведнасці з дамоўленасцямі даванне ў заклад акцыяў “Беларуськалія” дзеля гарантавання вяртання крэдыту не прадугледжваецца.

Нагадаем, 5 жніўня ў Сочы кіраўнік “Сбербанк” Герман Грэф на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расеі Уладзімірам Пуціным заявіў, што “Сбербанк” Расеі ды “Deutsche Bank” дадуць ААТ “Беларуськалій” крэдыт на $ 2 млрд пад забеспячэнне ў выглядзе экспартных кантрактаў і закладанне 35 % акцыяў беларускага прадпрыемства. “Для Беларусі гэта, вядома, няпросты перыяд часу, але для нас гэта даволі надзейны, добры крэдыт”, – заявіў Грэф.

Паводле яго, “усё гэта робіцца згодна з усімі міжнароднымі стандартамі разам з нашымі заходнімі партнёрамі”. “Вядома, у такі складаны перыяд гэта вельмі значна дапаможа эканоміцы Беларусі пераадолець крызіс”, – дадаў кіраўнік “Ашчадбанку” РФ.

18 жніўня генеральны дырэктар “Беларуськалію” Валерый Кірыенка заявіў, што Беларусь адмаўляецца ад крэдыту на $ 2 млрд для “Беларуськалію” на ўмовах “Ашчадбанку” Расеі ды “Deutsche Bank”.

belsat.eu

Стужка навінаў