У меню – толькі груца. Крызіс дакаціўся да калоніяў


На фоне “дыеты” вязняў прымушаюць напісаць прашэнне аб памілаванні.

Як стала вядома “Белсату”, у выходныя ў Івацэвіцкую калонію прыбыў “дэсант” з прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Два дні палітычных вязняў выклікаюць “на размовы”, каб прымусіць напісаць прашэнне аб памілаванні.

Як зазначыла маці палітвязня Фёдара Мірзаянава Людміла, калі раней такія прапановы рабілі толькі ейнаму сыну і Эдуарду Лобаву, дык цяпер ціснуць пачалі і на актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Паўла Вінаградава, а таксама анархіста Аляксандра Францкевіча. Пакуль ніхто з вязняў падпісваць папераў не пагаджаецца.

Жанчына таксама распавяла “Белсату”, што атрымала ліст з калоніі, з якога вынікае, што вязняў пасадзілі на “вегетарыянскую дыету”. “Фёдар піша, што крызіс дайшоў і да месцаў не вельмі аддаленых – з рацыёну вязняў калоніі “Ваўчыныя норы” зніклі нават мясныя валокны. Кормяць іх пераважна сечанаю груцаю. У супах мяса таксама няма. Не даюць вязням ні рыбы, ні садавіны з гароднінаю”, – гаворыць Людміла Мірзаянава.

Маці вельмі непакоіць тое, што сын пазбаўлены нармальнага рацыёну. Магчымасці набываць харчы ў турэмнай краме абмежаваныя да 170 000 руб. на месяц. Пры сённяшніх коштах гэтая сума смешная, зазначае спадарыня Мірзаянава. Перадачы ад сваякоў захоўваць таксама няма дзе, бо на 200 вязняў у атрадзе ўсяго адна лядоўня.

Але Фёдар не траціць бадзёрасці ды нагадвае маці, што “недахоп прадуктаў стварае глебу для роздуму”. “Дзякуй Богу, лісты і газеты да Фёдара даходзяць рэгулярна. Нядаўна сын атрымаў пасылку з сучаснаю замежнаю літаратураю па эканоміцы. Адзінае – наракае на недахоп кантактаў з аднадумцамі”, – зазначае Людміла Мірзаянава. Яна гаворыць, што Фёдар па-ранейшаму адмаўляецца прызнаваць сябе вінаватым і настойвае на поўнай рэабілітацыі.

Фёдар Мірзаянаў і Павел Вінаградаў былі асуджаныя ў справе 19 снежня на 3 і 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Маладафронтавец Эдуард Лобаў атрымаў 4 гады зняволення – нібыта за напад і збіццё выпадковых мінакоў. Аляксандр Францкевіч быў асуджаны ў справе анархістаў на 3 гады зняволення. Усе яны адбываюць пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы”.

belsat.eu

Стужка навінаў