МЗС Балгарыі: Лукашэнку не прапаноўвалі € 2 млрд


Міністэрства замежных справаў Балгарыі катэгарычна абвяргае інфармацыю польскай газеты “Rzeczpospolita” пра тое, што міністр замежных справаў Нікалай Младэнаў на нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прапаноўваў € 2 млрд за вызваленне палітвязняў.

“Мы катэгарычна аспрэчваем гэтую інфармацыю. Падобнай прапановы не было”, – заявіла прэс-сакратар МЗС Балгарыі Вэсэла Чэрнева.

10 верасня “Rzeczpospolita” са спасылкаю на крыніцу ў МЗС Польшчы паведаміла, што на сустрэчы з Лукашэнкам Младэнаў мусіў прапанаваць кіраўніку Беларусі аднаўленне дачыненняў з Еўразвязам і € 2 млрд за вызваленне ўсіх палітвязняў да канца года. У артыкуле таксама прыводзіцца меркаванне, што ініцыятыва апублікаваць таемныя дамоўленасці Лукашэнкі ды Младэнава магла зыходзіць ад міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага, каб паскорыць працэс вызвалення палітвязняў.

Напрыканцы жніўня кіраўнік балгарскага МЗС таемна сустрэўся ў Менску з Лукашэнкам. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў медыях 2 верасня, яе пацвердзілі ў прэс-службе МЗС Балгарыі, але не сталі каментаваць у Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Паводле вынікаў перамоваў з Лукашэнкам Младэнаў накіраваў ліст вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і кіраўнікам замежнапалітычных ведамстваў краінаў ЕЗ. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што на сустрэчы Лукашэнка паабяцаў вызваліць усіх палітвязняў на пачатку кастрычніка.

Паводле прэсавай сакратаркі Эштан, Маі Качыянавіч ЕЗ гатовы да перамоваў з Лукашэнкам, аднак гэта можа адбыцца толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў. Пасля гэтага кантакты могуць быць адноўленыя, аднак пра 2 млрд. еўраў за свабоду для палітвязняў гаворка не ідзе.

1 верасня Лукашэнка памілаваў яшчэ чатырох асуджаных удзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 г. у Менску. Першых дзевяць фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках ён памілаваў 11 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў