Два фільмы «Белсату» ўзнагародзілі на фестывалі «Magnificat’2011»


Журы VІI Мiжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў «Magnificat’2011» узнагародзіла два фільмы, знятыя для незалежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат». «Тры кіламетры да неба» Вольгі Дашук уганаравалі за найлепшую рэжысуру, а «Дзеці ксяндза Шаплевіча» Зоі Катовіч і Алены Антанішынай здабыў прыз старшыні польскага Інстытуту нацыянальнай памяці (ІPN) у намінацыі «За ўвасабленне сапраўднага вобразу Пастыра ў беларускім кінематографе».

Фестываль «Magnificat’2011» праходзіў 6–10 верасня ў Глыбокім і Менску. У ім удзельнічалі 39 фільмаў з 13 краінаў свету. Гран-пры фестывалю атрымаў амерыканска-польскі фільм «Лабірынт».

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграмаў «Magnificat» патрануе Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі.

«Magnificat» заснавала каталіцкая асацыяцыя «Signis-Беларусь», студыя «Стоп-кадр», а таксама Віцебская каталіцкая епархія і часопіс «Дыялог». Дзейнасць фестывалю скіраваная на евангелізацыю грамадства, падтрыманне агульначалавечых каштоўнасцяў праз працы беларускіх і замежных майстроў кіно і тэлебачання.

Фільм «Дзеці ксяндза Шаплевіча» даступны для прагляду он-лайн і спампоўвання на сайце «Белсату».

Афіцыйны сайт фестывалю

Стужка навінаў