Пажар у Дудутках


Буйны пажар адбыўся ўвечары 10 верасня ў Музеі старажытных народных рамёстваў і тэхналогіяў “Дудуткі” (Пухавіцкі раён Менскай вобласці). Агнём знішчаны дах і драўлянае столевае перакрыцце на плошчы прыблізна 600 кв. метраў, згарэлі ўсярэдзіне памяшканні на першым паверсе і этнаграфічная галерэя на другім паверсе будынку. Пацярпелых няма. Прычыны пажару высвятляюцца.

Паводле інфармацыі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, а 20.38 ад вартаўніка “Дудутак” паступіла паведамленне пра пажар у будынку музейнага комплексу. Пасля прыбыцця да месца выкліку першага падраздзялення выявілася, што будынак практычна цалкам ахоплены агнём. Работнікі музею да прыбыцця падраздзяленняў МНС эвакуявалі наведнікаў кавярні, дзесяць аўтамабіляў вывезлі з гаража. На месцы працавалі 15 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. “Аператыўныя дзеянні працаўнікоў МНС дазволілі ліквідаваць пажар і абмежаваць матэрыяльныя страты. Пажар быў ліквідаваны а 23.18”, – гаворыцца ў паведамленні.

У другой палове дня 11 верасня на сайце музею з’явілася паведамленне, што “нягледзячы на пажар, які адбыўся ў “Дудутках” 10.09, музей не згарэў і працягвае працаваць паводле свайго звычайнага раскладу”.

Музей “Дудуткі” быў заснаваны ў 1994 г. беларускім пісьменнікам, журналістам і выдаўцом Яўгенам Будзінасам (1944–2007).

belsat.eu

Стужка навінаў