Лукашэнка абяцае студэнтам бясплатны праезд


Але студэнты ў гэта не вераць.

Днямі Лукашэнка даручыў прааналізаваць, ці ёсць магчымасці ў менскіх уладаў увесці бясплатны праезд для сталічных студэнтаў. У сувязі з гэтым старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька адзначыў, што такая магчымасць існуе ў межах датацыяў, вылучаных гарадскім бюджэтам для працы грамадскага транспарту.

Нагадаем, што перад прэзідэнцкімі выбарамі менскім школьнікам зрабілі бясплатны праезд. Гэта пасля таго, як у 2007 годзе сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва (школьнікам, навучэнцам, студэнтам і пенсіянерам) скасавалі ільготы на грамадскі транспарт. Тады Лукашэнка заяўляў пра тое, што “задача дзяржавы – не вылучаць падачкі ў выглядзе ільготаў, а ствараць умовы для таго, каб грамадзянін меў магчымасць забяспечыць сабе годны ўзровень жыцця”.

Самыя студэнты ў такі падарунак ад дзяржавы не вераць. Студэнт БДУ і сябра “Маладога фронту” Юльян Міськевіч кажа: “Адкуль для нас з’явіцца бясплатны праезд, калі цэны на талончыкі растуць кожны месяц? А “Менсктранс” увесь час дадае, што цярпіць страты, што трэба рабіць праезд ледзь не па 3 тыс. руб.”. Ён мяркуе, што было б значна лепш, каб паднялі стыпендыі. “У БДУ студэнты атрымліваюць каля 250 тыс. руб. Гэтага не хапае на патрэбы студэнта, таму ўсе мы вымушаныя дадаткова працаваць і часам адукацыі надаваць менш увагі”.

Выпускнік БНТУ Андрэй Кузняцоў адзначае: “Трэба ўзгадаць, што ўвядзенне бясплатнага праезду для школьнікаў супала з часам правядзення прэзідэнцкіх выбараў–2010. Тады ўлады хацелі задобрыць бацькоў, якія былі вымушаныя плаціць 100 % за праезд дзяцей, цяпер жа адбываецца залагоджвання студэнтаў перад магчымымі восеньскімі акцыямі пратэстаў. Але Лукашэнка дрэнна ведае беларускіх студэнтаў. Яны і грошы возьмуць, і на Плошчу пойдуць!”

Сёлета ў беларускія ВНУ залічылі 105,7 тыс. студэнтаў. Агульная колькасць студэнтаў у Беларусі пераўзыходзіць 500 тыс. чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў