Маладыя беларусы часцей выязджаюць на заробкі за мяжу


Колькасць беларусаў, што з’ехалі праз сталічныя фірмы на часовую працу за мяжу, за 9 месяцаў сёлета павялічылася амаль на 20% і склала 2987 чалавек, паведамляе статыстычнае ўпраўленне Менску.

Як сведчыць статыстыка, большасць беларусаў паехалі па заробкі ў Расею (1438 асобаў) і ЗША (1253 асобы). Попытам таксама карыстаюцца Нямеччына, Латвія, Польшча і Чэхія.

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, цяпер за межамі краіны працуюць прыкладна 700 тыс. беларусаў. Эканаміст гаворыць, што да 2008 г. гэтая лічба была амаль ўдвая вышэйшая, але крызіс унёс свае карэктывы. “Цяпер у той жа Расеі пачалося ажыўленне эканомікі, назіраецца рост у будаўнічым бізнесе, таму пайшоў попыт і на працоўную сілу”, – тлумачыць эканаміст павялічэнне колькасці працоўных мігрантаў.

Паводле статыстыкі, бальшыня тых, хто з’язджае на часовую працу за мяжу, – гэта маладыя людзі ва ўзросце да 24 гадоў.

Але, як заўважае незалежны эканаміст Міхаіл Залескі, маладзёнаў, якія працуюць на замежныя фірмы і кампаніі, насамрэч значна болей. “Шматлікія з тых, хто мае мазгі ды жаданне атрымліваць годны заробак, працуюць у афшорным бізнесе. То бок не выязджаючы з Беларусі дзякуючы інтэрнэту працуюць за мяжою”, – тлумачыць Міхаіл Залескі.

belsat.eu

Стужка навінаў