Карэспандэнту «Голоса России» ў Беларусі не працягнулі акрэдытацыю


Сам журналіст бачыць прычыну ў сваіх матэрыялах, што ўтрымлівалі крытыку ў бок ураду Беларусі ды прэзідэнта Лукашэнкі.

Беларускі грамадзянін, сябра Беларускай асацыяцыя журналістаў Яўген Агурцоў, працуе карэспандэнтам радыёстанцыі “Голос России” ўжо больш як 7 гадоў. Увесь гэты час ён без праблемаў штогод працягваў акрэдытацыю. Сёлета тэрмін акрэдытацыі меў скончыцца 1 верасня, і маскоўская рэдакцыя загадзя выслала стандартны зварот у МЗС з просьбаю працягнуць акрэдытацыю свайму карэспандэнту.

Яўген Агурцоў паведаміў: “Ліст з просьбай акрэдытацыі з Масквы быў адпраўлены 20 жніўня, але ў Менск чамусьці прыйшоў толькі 11 верасня. З вымушаным спазненнем я падаў у МЗС заяўку, якую разгледзелі толькі 2 лістапада. 3 лістапада мне паведамілі, што акрэдытацыю не працягнулі на падставе п.10 “Палажэння аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных СМІ” – за ажыццяўленне журналісцкай дзейнасці ад імя замежнага СМІ без акрэдытацыі”.

Прадстаўнік МЗС заявіў, што ў перыяд з моманту заканчэння акрэдытацыі Яўгена Агурцова да разгляду заяўкі на сайце радыёстанцыі з’яўляліся ягоныя матэрыялы. Сам журналіст сцвярджае, што ён у гэты перыяд даваў каментары выключна як пісьменнік-публіцыст, прыватная асоба, і на сайце радыёстанцыі яго прэзентавалі менавіта так.

Кіраўніцтва радыёстанцыі збіраецца паўторна звярнуцца ў МЗС з просьбай пра акрэдытацыю. Паводле юрыстаў БАЖ, шанцы абскардзіць дзеянні МЗС праз суд – мінімальныя, бо суды, як правіла, не прымаюць такіх справаў да разгляду.

belsat.eu

Стужка навінаў