Большасць беларусаў не задаволеная з працы мясцовых уладаў


Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта правёў сацыялагічнае апытанне, паводле якога 61% грамадзянаў не задаволеныя з таго, як мясцовыя ўлады разглядаюць пытанні ды развязваюць праблемы. Найбольш нараканняў было на адрас ЖКГ – 58%.

Старшыня ўпраўлення працы з грамадзянамі ў Міністэрстве ЖКГ Сяргей Адуенка наступным чынам пракаментаваў вынікі апытання: “У міністэрстве сёння працуюць толькі 59 чалавек, таму мы фізічна не ў сілах выканаць усе патрабаванні нашых спажыўцоў. Аднак хачу адзначыць, што праца на паляпшэнне вядзецца, з мясцовымі органамі ЖКГ будзе праведзеная сур’ёзная размова”.

Кожнага другога беларуса сёння не задавальняе і развязанне праблемаў у будаўнічых і архітэктурных арганізацыях, органах сацыяльнай абароны і аховы здароўя.

26,5% рэспандэнтаў лічаць, што “чыноўнікі – гэта апошняя надзея”, таму і звяртаюцца да іх па дапамогу. Разам з тым, 15,5% апытаных упэўненыя, што “вырашыць праблему на месцы немагчыма”, і 21% звяртае ўвагу на тое, што “папярэднія звароты да мясцовай улады былі безвыніковыя”.

Што датычыць асноўных хібаў, уласцівых чыноўнікам у працы з грамадзянамі, то 15% рэспандэнтаў абазначылі, што тыя “клапоцяцца толькі пра свае прывілеі ды прыбыткі”, 11,5% – “працуюць па інерцыі”, 10% – “абараняюць старыя бюракратычныя парадкі”. Нягледзячы на гэта, намесніца кіраўніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Алена Колас мяркуе: “У цэлым аналіз ацэнак насельніцтва дазваляе канстатаваць, што ў большасці апытаных склаўся пераважна станоўчы вобраз дзяржслужбоўца – сума пазітыўных характарыстык склала 64%”.

belsat.eu

Стужка навінаў