Прэм'ерны паказ дакументальнага фільма пра Ларысу Геніюш


14 лістапада ў 18:00 у мінскай галерэі «У нескладовае» (пр. Незалежнасці 37а) адбудзецца прэм’ера дакументальнай стужкі пра Ларысу Геніюш «Няскораная», знятай тэлеканалам «Белсат». У паказе возьмуць удзел пісьменнікі і аўтары фільма, таксама людзі, якія ведалі паэтэсу асабіста.

Cтужка складаецца з дзвюх частак па 30 хвілінаў кожная і прымеркаваная да 100-х угодкаў нараджэння вялікай беларускі. У ёй выкарыстоўваюцца інсцэнізацыі, унікальныя кіна- і аўдыёзапісы, рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Сваімі думкамі пра Ларысу Геніюш дзеляцца Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды іншыя.

Вядзе фільм вядомы беларускі паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла, для якога Ларыса Геніюш – асоба фенаменальная: “Я нават не ведаю, з кім яе можна параўнаць. Яна пражыла сваё жыццё так годна, праўдзіва і сумленна, нібы мела перад сабою накрэслены найвышэйшаю воляю шлях. І з гэтага шляху яна не сышла ні на сантыметр! Усё ў яе жыцці было не выпадковым. І прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай – дух-ахоўнік), і залатая Прага, і нават ГУЛАГ. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз неймаверныя выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю».

14 лістапада ў галерэі «У нескладовае» (пр. Незалежнасці 37а) Вас чакае размова пра жанчыну, якая прысьвяціла сваё жыцьцё служэньню Беларушчыне, і стала чалавекам-сімвалам у беларускай літаратуры.

Унікальны фільм «Няскораная» зняты тэлеканалам «Белсат». Як абяцаюць стваральнікі, стужка будзе распаўсюджвацца бясплатна праз інтэрнэт і на дысках.

Стужка навінаў