Ірына Халіп: Прапанова Лукашэнкі – гэта цынізм


“Смеху вартыя ўсе гэтыя ягоныя выказванні, заклікі, ініцыятывы. Яшчэ больш смешна, калі ўсе пачынаюць на гэта сур’ёзна рэагаваць. Чалавек папросту плявузгае, як яму захочацца, і за ўсім гэтым не хаваецца ніякага сэнсу. Гэта такі чалавек, які прызвычаіўся, што можа выказвацца як хоча, дзе хоча і не несці ніякай адказнасці за свае словы”, – кажа журналістка Ірына Халіп, жонка зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава.

“Усё, што кажа Лукашэнка, гэта пустыя словы. Дыялог яму прапанавала апазіцыя, хачу згадаць, яшчэ пасля выбараў у 2006 г. Тады таксама быў палітычны крызіс, сядзеў Аляксандр Казулін. Лукашэнку прапаноўвалі дыялог, але ён нават не заўважыў гэтай ініцыятывы. А цяпер да яго дайшло, праз пяць гадоў – выбачайце, цягнік сышоў”, – адзначыла Халіп.

Нагадаем, што 29 жніўня на педагагічнай нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка прапанаваў “усім людзям з цвярозым розумам, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагеру яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць дзеля эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне”. “Хочаце змагацца – калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце, што маеце рацыю, адстойвайце сваё гледзішча”, – дадаў Лукашэнка.

“Сама ідэя мела быць агучаная перад прэзідэнцкімі выбарамі ці пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Цяпер, калі людзі сядзяць у турмах, гэта ўвогуле гучыць недарэчна, як здзек з іх. Выбачайце, а хто тады будзе ўдзельнічаць у дыялогу? Гэта цынізм – штосьці казаць пра дыялог, калі твае палітычныя канкурэнты сядзяць у турме, куды на твой персанальны загад былі пасаджаныя. Той хто пойдзе на гэтыя перамовы, я таго чалавека публічна назаву здраднікам”, – гаворыць журналістка.

Паводле словаў Халіп, перамовы з Лукашэнкам немагчымыя, калі палітвязні застаюцца за кратамі. “У такіх умовах нават думкі пра тое, каб сесці за стол з гэтым чалавекам і нешта абмяркоўваць, гэта таксама здрада. Нават не сам факт перамоваў, а тэарэтычная дыскусія, тэарэтычная магчымасць дапушчэння гэтага дыялогу, цяпер, калі людзі не на свабодзе. Калі ўсе будуць вольныя, калі ўсе будуць апраўданыя, не проста выпушчаныя ўмоўна, датэрмінова ці неяк там пад прафілактычны нагляд, тады мы ўсе разам будзем думаць: а ці варта”, – зазначыла Халіп.

“Я застаюся на той пазіцыі, што ніколі, ні пры якіх абставінах, ні за што з Лукашэнкам ісці на перамовы нельга. Але я разумею, што ў іншых беларускіх грамадзянаў, актывістаў могуць быць іншыя погляды, яны могуць лічыць для сябе гэта магчымым. Я – цалкам не, і мне здаецца, што я маю на гэта поўнае права. Я бачу сітуацыю толькі радыкальна: сыход у адстаўку і новыя дэмакратычныя выбары”, – падкрэсліла Ірына Халіп.

belsat.eu

Стужка навінаў