За месяц мяса падаражэла на 25 %


ёння кошты падымаюць ужо трэці раз – на 10 %, раней яны павышаліся на 5 і 10 %.

У Міністэрстве эканомікі тлумачаць, што на павышэнне коштаў урад пайшоў з-за значнай розніцы ў цане на мяса ўнутры Беларусі ды за мяжою. З-за дэвальвацыі беларускага рубля мяса ад айчынных вытворцаў стала каштаваць значна танней (калі ацэньваць яго ў замежнай валюце). Як вынік, вытворцы сталі актыўна прадаваць прадукцыю перакупнікам з Расеі, якія гатовыя былі плаціць за мяса валютаю, а вялікую частку мяса скуплялі жыхары прымежных расейскіх гарадоў.

Пасля гэтага ў краіне з’явіўся дэфіцыт свежага мяса. Чыноўнікі спадзяюцца ўрэгуляваць сітуацыю павышэннем коштаў на прадукцыю.

“Паводле новых нарматываў кілаграм свініны першай і другой катэгорыі будзе каштаваць 14 548 руб., ялавічыны – 15 089 руб.”, – паведамляе прэсавая служба Міністэрства эканомікі.

Аднак за такія грошы мяса ў продажы даўно няма. У фірмовай краме “Менскага мясакамбінату” “Гурман” чэргі збіраюцца яшчэ да адкрыцця крамы. Як паведамляюць відавочцы, перад завозам тавару паўстае чарга з 30–50 чалавек, і ўжо праз гадзіну-дзве набыць мяса немагчыма. Адміністрацыя крамы тлумачыць: “Мы не можам нічога зрабіць з такім высокім попытам, бо аўтамабілі і так адгружаюцца ў актыўным рэжыме. Але людзі набываюць некалькі кілаграмаў кожны, нясуць іх дадому ў лядоўню і прыбягаюць па новую порцыю”.

За месяц кошты на гатовую мясную прадукцыю ўзняліся ўдвая: вараная каўбаса цяпер каштуе 25 000 за 1 кг, сыравэнджаная ад 50 000 да 75 000 руб.

Эканаміст Ірына Урбан кажа, што падаражанне не дапаможа дапасаваць беларускія кошты да расейскіх. “Беларускі рубель кожны дзень абясцэньваецца. Расейская валюта больш стабільная, таму тут або стала павышаць кошт, або шукаць больш разумных рашэнняў. Множнасць курсаў, якая існуе цяпер, і неэфектыўныя антыкрызісныя захады ўраду Беларусі сітуацыі не паправяць”.

belsat.eu

Стужка навінаў