Аплата шэрагу камунальных паслугаў павышаецца на 10–26 %


З 1 верасня павялічваюцца тарыфы на тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, а таксама на некаторыя камунальныя паслугі насельніцтву.

Такое рашэнне агучанае ў пастанове ўраду ад 30 жніўня. Паводле дакумента, тарыф на паслугі тэхнічнага абслугоўвання жылых дамоў павялічаны на 10 % – да 309 руб. на месяц за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання. Акрамя таго, на 25 % – да 585 руб. за 1 кубаметр павышаная плата за халоднае водазабеспячэнне, на 26 %, да 305 руб. за 1 кубаметр – за каналізацыю. Плата за карыстанне ліфтамі вырасла на 20 % – да 1700 руб. з аднаго жыхара на месяц.

Ва ўпраўленні эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі патлумачылі, што падаражанне было загадзя закладзенае ў бюджэт краіны 2011 г. “Пры фармаванні бюджэту на 2011 г. прадугледжана, што насельніцтва будзе пакрываць кошт жыллёва-камунальных паслугаў у памеры 34 %. Але рост кватэрнай платы разглядаецца комплексна і залежыць ад кошту энергарэсурсаў, узроўню заробкаў у краіне”, – тлумачыць старшыня аддзелу Алена Дудзінская.

Старшыня таварыства ўласнікаў “Васняцова-34” Галіна Шут звяртае ўвагу на тое, што згодна са стратэгіяй энергетычнага развіцця Беларусі да 2020 г. сёлета насельніцтва мела плаціць за газ з улікам 100 % кампенсацыі выдаткаў. “А з 2014 г. планавалася, што гэтая захада распаўсюдзіцца і на газ для патрэбаў ацяплення таксама. Аналагічныя крокі ў 2013 і ў 2014 гг. планавалася распачаць у дачыненні электрычнай і цеплавой энергіі. Гэта азначае, што за чатыры гады ўлады планавалі цалкам перавесці сістэму ЖКГ на самаакупнасць. Але праграма не выконваецца. Насельніцтва плаціць недзе каля 30 % ад рэальнага кошту, астатняе кампенсуе дзяржава. Відавочна, што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі лішніх грошай на гэта няма, таму камуналка моцна вырасце ў кастрычніку, калі распачнецца ацяпляльны перыяд. Наколькі падымецца аплата, прагназаваць складана, бо сённяшні кошт беларускага рубля моцна адрозніваецца ад таго, што будзе заўтра. Але нават чыноўнікі не хаваюць, што плюс сто тысячаў на жыроўкі можна дадаваць смела”, – заявіла эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў