Лукашэнка хоча “дашліфаваць і зачысціць” банкаўскую сістэму


Звяртаючыся да старшыні праўлення Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай, Лукашэнка заявіў, што “пара ўжо дашліфаваць і зачысціць банкаўскую сістэму, каб яна павярнулася тварам да дзяржавы і народа, прывесці яе ў нармальны стан”. “А то ў нас у 10—20 разоў зарплаты і даходы ў банкаўскіх работнікаў вышэй, чым у аналагічных работнікаў у дзяржаве”, — адзначыў афіцыйны лідар.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Нацбанку варта арганізаваць працу такім чынам, каб не прымушаць людзей парушаць закон: “Праваахоўныя органы павінны лавіць злодзеяў і жулікаў, а не канфліктаваць з добрапрыстойнымі грамадзянамі”.

Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае — забяспечыць паслядоўнае выкананне распрацаванага плана дзеянняў. У сувязі з гэтым ён даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыі прэзідэнта забяспечыць кантроль “не толькі за літарай, але і за духам выканання гэтага плана”.

Дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі “даручана ўзяць пад кантроль і ажыццявіць каардынацыю дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў па забеспячэнні парадку, дысцыпліны і рэалізацыі тых мерапрыемстваў, што тычацца праваахоўных органаў”.

“У выпадку калі ўзнікнуць адхіленні ад запланаванага, патрабую неадкладнага рэагавання, аж да разгляду найбольш складаных пытанняў у кіраўніка дзяржавы”, — заявіў Лукашэнка.

“Як бы ні склалася сітуацыя, мы будзем дзейнічаць зыходзячы з попыту і прапановы, — сказаў ён. — І не трэба разлічваць, што мы яшчэ пойдзем на знешнія пазыкі, каб падтрымаць нейкі курс. Калі ўжо так пайшлі, значыць, будзе так”.

belsat.eu

Стужка навінаў