Сёння – Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў


Канвенцыю аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў прыняла 20 снежня 2006 года Генеральная асамблея ААН. Дакумент падпісалі 57 дзяржаў. 19 краінаў ужо ратыфікавалі Канвенцыю. Беларусь дагэтуль не.

Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў адзначаецца з ініцыятывы Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа, які звярнуўся да ўсясветнай супольнасці з заклікам звярнуць больш сур’ёзную ўвагу на адну з найбольш складаных гуманітарных праблемаў, якія ўзнікаюць падчас узброеных канфліктаў. Першымі гвалтоўныя знікненні сталі ўжываць нямецкія нацысты падчас Другой усясветнай вайны. У 60-я гады ўрады такіх лацінскаамерыканскіх краінаў, як Гватэмала, Сальвадор, Гандурас, Мексіка, Калумбія, Перу, Балівія, Бразілія, Чылі, Аргентына, Уругвай і Гаіці, а пазней і тыраны некаторых афрыканскіх ды азіяцкіх краінаў перанялі страшэнную практыку выкраданняў.

Але ў Беларусі не вядзецца войнаў, няма ўзброеных канфліктаў. Тым не менш, тэма гвалтоўных знікненняў актуальная і ў нашай краіне.

Увосень 1999 года ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры: былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савету XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Летам 2000 года знік аператар расейскага тэлеканалу ОРТ, былы асабісты аператар прэзідэнта Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі. Родным і блізкім дагэтуль нічога не вядома пра іхны лёс.

„Раскрыццё гэтых злачынстваў магчымае, калі толькі працягнуць следства, – упэўнены былы начальнік СІЗА №1, аўтар кнігі “Расстрэльная каманда” Алег Алкаеў. – Усе неабходныя звесткі ўжо даўно вядомыя: падазраваныя, суўдзельнікі. Толькі застаецца распачаць гэтую справу. Тыя, хто вядзе гэтае следства, папросту не зацікаўленыя ў тым, каб знайсці вінаватых, бо гэта высокапастаўленыя асобы, і ніхто не ведае, якія потым могуць быць наступствы. А вырашаецца гэта цягам нават аднаго тыдня”.

4 жніўня 2010 года лідары апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы і вядомыя беларусы звярнуліся ў Раду бяспекі ААН з просьбаю правесці міжнароднае расследаванне выкраданняў людзей у Беларусі. Зварот накіравалі міністрам замежных справаў сталых чальцоў Рады бяспекі ААН: Кітаю, Расеі, Вялікабрытаніі, Францыі ды ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў