Аплявуха экспарцёрам: "расейскія прадукты смачнейшыя"


У Маскве прайшоў кулінарны фестываль «Афиша-Еда».

Арганізатары пераконвалі шэф-кухараў і простых гараджанаў у тым, што расейскія прадукты лепшыя за імпартаваныя.

27 жніўня фестываль заахвочваў наведнікаў парку імя Горкага скаштаваць безліч страваў – ад малочных прадуктаў да вэнджанай качкі і вустрыцаў.

Паводле галоўнага рэдактара часопісу «Афиша-Еда» Аляксея Зіміна, гэта спроба паказаць масквічам, што ў іхным горадзе ёсць «цікавая, якасная ежа» і людзі, «якія гэтым займаюцца шчыра, ад усёй душы, з дзікай энергіяй», таму не варта арыентавацца на прывазныя прадукты.

«Мы хочам даць кухарам магчымасць зразумець розніцу паміж прадуктамі, якія яны прызвычаіліся атрымліваць, вырабленымі невядома дзе (магчыма, у Францыі, Аўстраліі, пасля замарожаныя і прывезеныя сюды), і свежым прадуктам, вырабленым тут і з любоўю», – заявіў Барыс Акімаў, заснавальнік інтэрнэт-крамы «Лавка» па продажы «свежай смачнай сялянскай» ежы, вырабленай расейскімі фермерамі.

Каб пераканацца ў тым, што найлепшая ежа – расейская, трэба было набыць квіток за 600 руб. ($ 20). Усяго іх прадалі 10 тысячаў. Некаторыя наведнікі адзначылі, што кошты на фестывалі былі значна вышэйшыя за тыя, што можа дазволіць сабе шараговы жыхар Расеі. Варта дадаць, што сярэдні кошт наведвання пункту фаст-фуду складае ў Маскве $ 8,92, у той час як у ЗША – $ 6,50.

belsat.eu

Стужка навінаў