Аляксандр Лукашэнка: Расея «пахерыла» дамову аб Саюзнай дзяржаве


У інтэрв’ю польскім медыям Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна сённяшняга стану стасункаў паміж афіцыйнымі Менскам і Масквою.

Прэзідэнт Беларусі абвінаваціў расейскі бок у тым, што так званая Саюзная дзяржава дагэтуль дэ-факта застаецца на паперы. “Будучыня мела быць вызначаная на рэферэндуме дзвюх краінаў, на рэферэндуме мы мусілі прыняць Канстытуцыю, – зазначыў Аляксандр Лукашэнка. – Мусіў адбыцца рэферэндум гады тры таму, а можа, і раней. Але Расея не захацела пайсці на рэферэндум, яна, прабачце, пахерыла гэтую дамову саюзную”.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што расейскі бок прэтэндаваў на шэраг стратэгічна важных для беларускай эканомікі прадпрыемстваў. “Але як аддаць? Увогуле гэтыя аб’екты забаронена прыватызаваць, іх невялікі спіс, але яны забароненыя пад прыватызацыю. Пад шалёным ціскам мы вывелі з гэтага спісу “Белтрансгаз” і 50 на 50 падзяліліся з Расеяй. Вось гэта была дзяльба! Яны пастанавілі, што 600 млн долараў каштуе ўся трубаправодная сістэма ў Беларусі. Я кажу: вы адкуль гэты кошт узялі?” – абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў апазіцыю ў намеры “аддаць трубы і заводы Расеі, бо ў іх ёсць нафта”. “Гэта крыж на іх, – зазначыў Аляксандр Лукашэнка. – Я пачынаю думаць: ці то яны сп’яна гэта сказалі? А калі не, то яны папросту не хочуць быць прэзідэнтамі”.

Аляксандр Лукашэнка згадаў таксама пра відэазварот у блогу прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Заявы свайго расейскага калегі Аляксандр Лукашэнка расцэньвае як нешта “асабістае”. “Калі б гэта было пра дзяржаву – я б з ім ніколі больш не павітаўся. Але гэта мяне датычыць, і я мушу сцярпець”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў