«За круглым сталом маюць сядзець Саннікаў, Статкевіч, Вус»


Лідары «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (БХД) пракаментавалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць склікання круглага стала па выхадзе з крызісу, у якім узялі б удзел прадстаўнікі не толькі ўладаў, але і дэмакратычных сілаў, Еўразвязу і Расеі.

«Ідэя, вядома, добрая. Вось ужо 17 гадоў мы марна чакаем. Але цяпер прыпякло. За круглым сталом павінныя сядзець Саннікаў, Статкевіч, Вус, Дашкевіч ды іншыя палітвязні. Пакуль у турме застаюцца палітычныя апаненты рэжыму, ніякай размовы пра круглы стол быць не можа», – прыводзіць словы Паўла Севярынца афіцыйны сайт «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі».

Гаворка на круглым стале мусіць ісці пра ўмовы адстаўкі Лукашэнкі і перадачы ўлады надзвычайнаму пераходнаму ўраду, адзначыў Павал Севярынец.

«Перамовы заўсёды лепш, чым канфрантацыя. Але ўсе павінны разумець, што ў сённяшняй сітуацыі першаю тэмаю любых перамоваў павінна быць неадкладнае, безумоўнае і поўнае вызваленне палітвязняў, а пасля ўжо перадача ўлады», – лічыць адзін з лідараў БХД Віталь Рымашэўскі.

«Калі гэтая заява не ёсць чарговым пусканнем пылу ў вочы, а ёсць рэальнай, гэта значыць, што рэжым знаходзіцца ля апошняй рысы. Менавіта з круглага стала, які склікаў Ярузэльскі, больш за 20 гадоў таму пачаліся змены ў Польшчы. На маю думку, правядзенне круглага стала, пытанні эканамічнай дапамогі і выхаду з крызісу павінны наўпрост быць увязаныя з правядзеннем свабодных і адкрытых выбараў», – падкрэсліў сустаршыня БХД Аляксей Шэін.

belsat.eu

Стужка навінаў