Лівія: чарговыя ахвяры Кадафі?


Паўстанцы знайшлі абвугленыя рэшткі больш як 50 чалавек на адным са складоў у Трыпалі. Мяркуецца, што іх забілі прыхільнікі Муамара Кадафі.

Адзін са сведкаў расправы распавёў, што салдаты 32-ой брыгады, якой камандуе адзін з сыноў Кадафі, акружылі будынак, у якім знаходзіліся каля 140 чалавек. Паводле ягоных словаў, жаўнеры пачалі страляць у людзей з аўтаматаў і закідваць будынак гранатамі.

Непадалёк ад месца здарэння паўстанцы зарыштавалі трох іншаземцаў, якіх падазраюць у тым, што яны былі наёмнікамі Кадафі. Аднак тыя заяўляюць, што не мелі дачыненняў з прадстаўнікамі рэжыму і з’яўляюцца ўцекачамі адной з афрыканскіх краінаў. Яны цвердзяць, што кіраваліся ў бок мяжы каб трапіць у Італію ды атрымаць там прытулак.

Адзін з кіраўнікоў групы паўстанцаў запэўніў арыштаваных, што пры першай магчымасці ім зарганізуюць сустрэчу з консулам. Аднаму з падазраваных паўстанец нават падаў хустку, каб той выцер слёзы. Аднак паводле правабаронцаў, такое гуманнае стаўленне да арыштаваных і палонных хучэй рэдкасць. Правабарончая арганізацыя “Amnesty International”, заяўляе, што маюць месца факты жорсткага абыходжання з палоннымі як з боку войскаў Кадафі, так і з боку паўстанцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў