З універсітэту будуць адлічваць у вучылішча


У Беларусі хочуць стварыць адукацыйны холдынг. У яго ўвойдуць універсітэты і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Пра гэта міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў 26 жніўня на прэсавай канферэнцыі ў Менску.

Калі холдынг паўстане, нядбайных студэнтаў будуць не адлічваць пасля сесіі ў ВНУ, а пераводзіць на ўзровень сярэдняй адукацыі. Паводле Маскевіча, гэта асабліва актуальна для першакурснікаў, якія складаюць большасць сярод адлічаных. “Яны зноўку мусяць паступаць. Калі іх перавесці, каб яны працягвалі вучыцца, але толькі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то атрымаць прафесію яны змогуць”, – сказаў міністр адукацыі.

У мінулым навучальным годзе з беларускіх універсітэтаў адлічылі больш за 2 тыс. студэнтаў. Як паведаміў Сяргей Маскевіч, найчасцей адлічваюць студэнтаў, якія навучаліся платна. Міністр адукацыі мяркуе, што яны паступаюць з нізкім узроўнем ведаў, разлічваючы “як-небудзь пратрымацца”.

Летась нядбайным студэнтам ужо прапаноўвалі перавесціся ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, аднак зрабілі гэта толькі 5–7 % адлічаных.

Тым часам паводле новаўвядзення ў Кодэкс аб адукацыі, за нездавальняльную вучобу будуць адлічваць таксама школьнікаў, якім споўнілася 16 гадоў. “Гэта 10–11-ы класы, пасля базавай школы гэтым маладым людзям трэба атрымліваць прафесію ды ісці працаваць, а не займаць месца на трэцяй ступені навучання. Пасля базавай школы чалавек мусіць вызначыцца: ці то яму арыентавацца на паступленне ў ВНУ альбо атрымліваць прафесію, а потым, калі спатрэбіцца, траекторыя жыцця выведзе яго ў тую ж ВНУ”, – упэўнены Сяргей Маскевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў